Litvek - онлайн библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Повесть >> Нічые [Нічые. Вёска. Рэвізія] >> страница 2
добра ведаў сваю матку, яе ўмельства чытаць між радкоў, ведаў сваю вёску, сваіх людзей. Успомнілася, як часта, перад тым як заснуць, у думках рыхтаваў сябе да гэтага прыезду, уяўляў гэтую дарогу ад станцыі — вось ён уступае ў вёску, ідзе па вуліцы з сумкаю, а вяскоўцы ўжо стаяць, паперавешваліся цераз платы, здароўкаюцца гучна, пераходзяць з вёдрамі яму дарогу, і кожны ўжо ведае, што яго выгналі за «п'янста». Успомніў, што нават знарок збіраўся прыехаць на ноч, каб нікога не спаткаць...

— А раскажы, як ты п'янстаў? — дапытваўся Пульс.

— Запомні: я пастрадаў не за п'янства, — смеючыся, адказаў Васкевіч, — а за «ідзею»!

— Надзею? Якую? Што пошту носіць? (Надзя, мясцовая паштальёнка, жыла нераспісаная з прымаком, якога дражнілі Рускі.) Я раз у магазіне ўзяў... цоп Надзею за ногу! Дай, пакажу як...

І ён хацеў паказаць гэта на Васкевічу, той, вядома, не даў.

— А ў цябе баба ёсць? — напаў на сваю любімую тэму Пульс. — А раскажы, як з бабамі спяць?

Ён зазіраў Антону ў твар, сагнуўшыся, аберуч цягнучы санкі, смяяўся, кашляў, моргаў, з-пад збітай набок шапкі яшчэ больш павылазіла сівых патлаў, і нават добра ведаючы яго, тут, на пустой дарозе, у ранішнім снежным глухім лесе адзін на адзін было з ім неяк не па сабе. Васкевіч, каб збіць яго з гэтай даволі небяспечнай — «бабскай» — тэмы, прапанаваў:

— Скажы бакенбарды.

— Ка-кен-кар-ты! — адразу ж, ахвотна, як умеў, паўтарыў Пульс. — А вазьмі мяне ў Мінск, Антон! Знойдзем там бабу...

Антон у яго гучала па-мясцоваму як Туон.

— Раскажы, як ты галёшы ў рэстаране згубіў.

— Загубіў, ёпа-маць, праўда...

— Было такое?

— Было, я кажу, я танцаваў-ваў... І ён сабраўся быў расказваць, але не выходзіла складна, і Васкевіч вымушаны быў памагаць яму, пытаўся:

«Ты рабіў тады на пуці?» — «На пуці- ці, праўда...» — адказваў Пульс і паўтараў гэта некалькі разоў, а Васкевіч тым часам мог глядзець па баках і думаць пра сваё.

Пішчаў снег пад палазкамі саматужак, рыпеў пад нагамі, абы-як расказваў пра свае галёшы Пульс, цягнулася між заснежаных хвой і бяроз белая роўная дарога... Зараз яна раздзеліцца на дзве, потым зноў сыдзецца, а пасярэдзіне астануцца некалькі таўсматых, разголістых, прытуленых адна да адной хвояў... Пасля дарогу перасячэ паласа прасекі... Вось астравок з хвоямі, вось прасека. Васкевіч азіраўся па баках, дыхаў родным снежным лясным паветрам і ўспамінаў... Вось тут, на гэтай прасецы, калі яму было гадоў шэсць, яны са старэйшым братам Сцяпанам гатавалі дровы, у такую ж снежную зіму, — пайшлі з раніцы на ўвесь дзень. Брат падсякаў гонкія, адна.ў адну, хвойкі, валяў, церабіў, ён, малы, сцягваў у лаўжы галлё... Потым абедалі — разаслалі на тоўстым пні газету, елі мерзлае смачненнае сала, ад успаміну пра якое і цяпер бягуць слінкі, цыбулю, хлеб... Потым выйшаў з-за дрэў ляснік дзядзька Мікола, у кажусе, з двухстволкаю, стаў качаць абутымі ў вялізныя валёнкі-бахілы нагамі іхнія, ужо складзеныя ў штабель хвойкі і крычаць: «Страіцельны лес!», а ён, Антон, перапужаны, роў і хаваўся за брата, а брат, саромеючыся перад лесніком, чырванеў, аддзіраў яго ад сябе і біў па вушах рукавіцаю... Антон не ведаў, што брат папярэджаны і што матка паклала ім у сумку пляшку самагонкі; брат дастаў пляшку і даў лесніку, той адразу ж прыцішэў, схаваў яе ў кішэню кажуха і пайшоў, сказаў толькі, каб спалілі лаўжы і прысыпалі пні снегам.

Тут, каля гэтай пахіленай бярозы, дзе ўлетку заўсёды жоўты пясочак і верас, а цяпер — гурба снегу, Антон, калі яго праводзілі ў армію, знайшоў грыб, восеньскі, крамяны, з крэпкім коранем, які ледзь выдраўся з зямлі, — і аддаў Пульсу, што таксама тады праводзіў яго. І як потым у войску ўспаміналася гэтая дарога, бяроза, грыб, — здавалася, нават пах яго чуў — такі ж, якім пахла матчына сумка, калі маці даўно-даўно прыходзіла раніцамі з лесу, з грыбоў, а яны са Сцяпанам, зусім малыя, кідаліся да гэтай сумкі, выцягвалі грыбы, раскладвалі іх па росце на разасланым лайне[1] і нізалі на пруткі-нізкі...

Тут, дзе дарога пачынае спускацца трохі ўніз, перад балотцам, за якім апошняя паваротка на вёску, — тут пры дарозе круглы бугор, бы нейкі пухір выперла з зямлі; тут, калі Васкевіч восеньскім вечарам ішоў на станцыю, каб ехаць у Мінск, на вучобу, Пульс, які і тады падносіў яму сумку, спатыкнуўся, упаў, гэтая ж салдацкая шапка закацілася некуды, яе доўга шукалі, ледзь не спазніліся...

— Помніш, як ты тут упаў? — паказаў на бугор Васкевіч.

— Помню, ёпа-маць, упаў! — вінавата абазваўся Пульс, але было відаць, што наўрад ці помніць — мала дзе на сваім вяку ён папападаў...

Скончыўся лес, і вачам адкрыўся знаёмы малюнак: дзесяткі два хат, паміж хатамі і лесам бялее снегам роўны выган, ля крайняй хаты замест плота пакінуты жывыя хвоі і проста да ствалоў прыбіты дрот... Але вось мінуўся выган, прайшлі паўз гэтыя бязладна раскіданыя «лясныя» хаты, Пульс усцягнуў санкі на вулічную дарогу, шырокую, пачышчаную бульдозерам, ад чаго па баках былі гурбы ледзь не ў чалавечы рост і толькі насупраць веснічак пракапаны былі хады, — пачалася вёска. Ісці трэба было яшчэ кіламетра з паўтара. Недзе калолі дровы, каля студні звінела вядро, пах дыму з комінаў плыў, мяшаўся з пахам свежага снегу... І ўсё адбылося амаль так, як і ўяўляў сабе і перажыў у думках Васкевіч: баба з вёдрамі перайшла ад калодзежа вуліцу і весела павіталася, паглядзела ім з Пульсам услед, Надзін-паштальёнчык прымак Рускі, які перакідваў шуфлем снег з двара на вуліцу, азваўся: «Чё, холостяк! Прибыл?», дзядзька Мікола- ляснік праехаў канём, у санях, і давялося даць яму дарогу, і яшчэ ў адным двары калолі дровы, а нехта проста так выйшаў і стаяў на вуліцы... Васкевічу здавалася, што столькі многа людзей круцяцца ў дварах і на вуліцы толькі таму, каб на яго паглядзець. Ды вось урэшце мост праз рачулку, за якой хата — маленькая, крытая шыферам, вокнамі на вуліцу... Дыму над комінам няма, веснічкі зашчэпленыя і сляды вядуць толькі на вуліцу.

— Купі мне віна, — папрасіў Пульс, калі спыніліся ля хаты і Васкевіч стаў адвязваць сумку. Ён заўсёды прасіў аб гэтым на развітанне.

— Пазней, — адказаў Васкевіч, добра ведаючы, што нікуды сёння не пойдзе і ніякага віна купляць не збіраецца. — Можа, пад вечар сходзім у магазін.

— Добрэ, харашо, буду ждаць!..


II


Кашляючы, Пульс маленькімі бабскімі крокамі пабег са сваімі санкамі далей па вуліцы — ён жыў праз тры хаты; а Васкевіч занёс на цэментавы абмецены ганак сумку, зайшоў за вугал, у дрывотню, пашарыў у вядзерцы пад застрэшшам. Завязаны ў анучку ключ ляжаў на месцы. Значыць, матка чакала яго. Што ж, яна прыйдзе толькі позна ўвечары, яшчэ цэлы дзень наперадзе, каб падрыхтавацца.

Двор быў увесь засыпаны снегам,