Litvek - онлайн библиотека >> Іван Сяркоў >> Детская проза >> Мы з Санькам у тыле ворага >> страница 3
Ды і што тут скажаш, калі ў чалавека такі дзядзька?

Дзядзька Назар прыязджаў да нас у госці гады два назад. На ім было новенькае вайсковае адзенне і рыпучыя рамяні. Бацьку ён прывёз новыя камандзірскія боты, маці — вялізную цёплую хустку ў клетку, а мне падарыў сваю пілотку. Праўда, яна была велікаватая і лезла на вочы, але маці крыху яе ўшыла, і атрымалася добрая рэч. Хлопцы з усёй вуліцы прасілі памераць.

А яшчэ ён прывёз патэфон з бліскучай нікеліраванай ручкай. Кожны дзень яго ставілі на расчыненае акно, і па вуліцы разлівалася песня:

Пасею гурочкі,
Чатыры лісточкі,
Не бачыла я мілога
Чатыры гадочкі.
Каля нашай хаты спыняліся маладзіцы, дзяўчаты і, калі песня канчалася, прасілі:

— Іван, пусці яшчэ раз!

I я зноў пачынаў круціць бліскучую ручку. Мае сябры стаялі на прызбе і зайздросцілі: ім таксама хацелася хоць патрымацца за патэфон.

— Ой, скруціць ён яму галаву,— непакоілася маці.

А дзядзька толькі смяяўся:

— Няхай круціць! Новы купім.

Цэлы месяц я хадзіў за дзядзькам, як прывязаны. Эх, і нагледзеўся я тады кіно за дзядзькавы грошы! А цукерак паеў столькі, што Міцьку і не снілася.

Да нас часта прыходзілі ўсякія родзічы. Яны частаваліся, спявалі песні, а я, натапырыўшы вушы, лавіў кожнае слова з іхніх размоў. Дзядзька расказваў неахвотна і ўсё неяк загадкамі:

— Там было горача... Пакуль што іхняя ўзяла...

Але не-не ды і трапляліся асобныя словы: рэспубліканцы, фашысты, Грэнада... Што яны азначаюць, я толкам не ведаў, аднак здагадваўся — за імі хаваецца не-шта вельмі важнае.

А бацьку ён адкрыта сказаў:

— Быў у Іспаніі...

Адным словам, Міцькаваму брату да майго дзядзькі яшчэ далёка скакаць.

— Аць-два, аць-два! Левай,— не сунімаецца дапрызыўніцкі камандзір.

Па полі ідуць нам насустрач дзяўчаты і жанчыны з капаніцамі. Яны сабраліся на абед. I тут хлопцы не вытрымалі і заспявалі:

Если завтра война,
Если завтра в поход,
Если тёмная сила нагрянет...
А дзяўчаты ў адказ:

Хутка ў армію паедзе
Мой мілёнак дарагі.
Толькі два гады —не тыдзень,
Мне палюбіцца другі.
Дзяўчаты спяваюць болып голасна — нашага запявалы амаль не чуваць. I тут мы з Санькам прыйшлі дапрызыўнікам на дапамогу:

Как один человек,
Весь советскйй народ
За великую Родину встанет.
Сілы не шкадавалі. Атрымлівалася хоць і не вельмі складна, затое гучна.

Калі я заўважыў сваю бабулю, хавацца было позна ўжо.

— А цябе гэта куды нясе, нячысцік? — закрычала яна на ўсё поле.

— Баб, страляць! — не разгубіўся я.

Ну і разышлася ж яна: і маці дома хворая, і курэй з проса сагнаць няма каму, і кабанчыка паглядзець, ці не залез у чужы агарод, таксама няма каму. А я толькі і думаю, як аббегчы ўвесь свет ды біць лынды. Вось вярнуся дамоў, дык бацька мне настраляе.

Што яна там яшчэ пад жаночы смех і жарты крычала мне ўслед, я не чуў. Мы былі ўжо далёка і спявалі новую песню:

Эй, по дороге,
Эй, по дороге,
По дороге войско красное йдет!

3. У новай школе

Мой бацька — цясляр, і таму ў нас у сенцах на паліцы процьма, як кажа бабка, рознага жалязячча: стамескі, долаты, рубанкі, фуганкі, стругі крывыя і прамыя, малаткі вялікія і малыя. А сякер дык ажно тры, не лічачы калуна. Сякеры ў бацькі розныя: адной кожны дзень сякуць дровы, другой бацька чэша на будоўлях бярвенне, а трэцяя самая важная. Ею робяць толькі тонкую работу: яна вострая, як агонь. Апошнюю сякеру бацька любіць больш за ўсё і, пасля таго як мы з Санькам перасеклі на ёй пару цвікоў, хавае ад мяне.

Кожную раніцу са скрынкай, у якой ляжаць інструменты і цвікі, бацька ідзе ў новую школу. Там ужо заканчваюць ставіць рамы і навешваюць дзверы.

Вечарам, калі бацька прыходзіць дахаты, я, пакуль маці збірае вячэру, паліваю яму на рукі. Прыземісты, каржакаваты, ён пахне свежымі сасковымі стружкамі. Густы, даўно не стрыжаны чуб і чорныя калматыя бровы прыпудраны пілавіннем. Бацька фыркае, як морж, і пырскі дажджом разлятаюцца ва ўсе бакі. Звычайна пры гэтым мы размаўляем.

— Ну, брат, і школа будзе,— гаворыць бацька.— Сам бы пайшоў вучыцца, ды, мабыць, гадоў багата...

— А страшна ўверсе? — цікаўлюся я.

— Што ты! — I ў яго вачах загараюцца хітрыя іскаркі.— Галава кругам ідзе. Сёння я залез на вільчык, дык Стараселле відаць. Між іншым, дзеда Кулагу бачыў. Ен мне рукой махаў: няхай, маўляў, унук у госці прыйдзе, грушы паспелі.

Вось так заўсёды: з ім сур'ёзна, а яму — жартачкі. Калі яшчэ тыя грушы будуць, а ён — паспелі. Але праверыць, відаць ці не відаць са школы Стараселле, усё ж не шкодзіць.

3 такой думкай я і Санька пайшлі на будоўлю. Сёння якраз нядзеля і, апрача вартаўніка, старога, глухаватага Міхея, тут нікога няма. Ды і Міхей, прымасціўшыся пад штабелем дошак, соладка сапе ў цяньку.

Двухпавярховая школа нам здалася сапраўды вельмі высокай. Санька прыкінуў, што калі ўзяць іхнюю хату ды зверху паставіць нашу, а потым і хлеў, дык усё роўна да вільчыка не дастанеш, хіба толькі на хлеў зацягнуць яшчэ і сенцы — тады іншая справа. Разважаючы так, мы выбраліся на чарапічны дах і змоўклі ад здзіўлення. Адсюль усе нашы Падлюбічы відаць як на далоні. Куды ні паглядзіш — усюды густыя, кучаравыя вербы, з-за якіх амаль не відаць саламяных стрэх, і сады, сады. А ў іх яблыкі, грушы, кусты парэчак і агрэсту, непралазныя чашчобы маліны ўздоўж межаў, якія раздзяляюць адзін агарод ад другога.

Усё нам зверху відаць. Паглядзіш туды, дзе раніцой узыходзіць сонца, і перад табой неабсяжныя прасторы лугоў, зараснікі вербалозу і алешніку, бліскучыя шкельцы азёраў і рачулак. Шчыльным парканам за лугамі сінее сасновы бор. Адсюль да яго, здаецца, рукой падаць, хоць ісці трэба кіламетраў шэсць.

Паглядзіш туды, дзе сонца садзіцца, і перад табой бязмежнае калгаснае поле, калышацца, ходзіць буйнымі хвалямі жыта, побач зелянее бульба. Па яе пасевах туды-сюды снуюць коні, дакладней кажучы, маленькія конікі, а следам за імі такія ж маленькія людзі. Там калгаснікі разворваюць рады. Летам ім нядзеля не за нядзелю.

Наша вуліца Ніжні Дол самая прыгожая. Яна ўся ў вербах. Гэта таму, што нам без вербаў жыць нельга. Бацька гаворыць, яны нас ратуюць.

Пасярод вуліцы цячэ раўчак. Летам у ім вераб'ю па калена, затое вясной раўчак разліваецца на ўсю вуліцу. Ен затапляе агароды і сады, імчыць, не выбіраючы дарогі, размывае берагі. Каб не вербы, дык і хаты пазносіў