Litvek - онлайн библиотека >> Аляксей Мікалаевіч Талстой и др. >> Сказки для детей >> Рускія народныя казкі



Рускія народныя казкі. Иллюстрация № 1 Рускія народныя казкі. Иллюстрация № 2
КУРАЧКА-РАБКА

Жылі-былі дзед ды бабка. Была ў іх курачка-рабка.

Знесла курачка яечка, ды не абы-якое, а залатое.

Дзед біў-біў—не разбіў.

Баба біла-біла — не разбіла.

Мышка бегла, хвосцікам махнула, яечка ўпала і разбілася.

Дзед плача, баба плача, а курачка кудахча:

— Не плач, дзед, не плач, баба: знясу вам яечка другое — простае, а не залатое.


РЭПКА

Пасадзіў дзед рэпку. Вырасла рэпка вялікая-вялікая.

Пайшоў дзед рэпку з зямлі цягнуць.

Цягне-пацягне, выцягнуць не можа.

Паклікаў дзед бабку.

Бабка за дзедку, дзедка за рэпку — цягнуць-пацягнуць, вы цягнуць не могуць.

Паклікала бабка ўнучку.

Унучка за бабку, бабка за дзедку, дзедка за рэпку—цягнуць-пацягнуць, выцягнуць не могуць.

Паклікала ўнучка Жучку.

Жучка за ўнучку, унучка за бабку, бабка за дзедку, дзедка за рэпку — цягнуць-пацягнуць, выцягнуць не могуць.

Паклікала Жучка кошку.

Кошка за Жучку, Жучка за ўнучку, унучка за бабку, бабка за дзедку, дзедка за рэпку — цягнуць-пацягнуць, выцягнуць не могуць.

Паклікала кошка мышку.

Мышка за кошку, кошка за Жучку, Жучка за ўнучку, унучка за бабку, бабка за дзедку, дзедка за рэпку — цягнуць-пацягнуць — выцягнулі рэпку!


КАЛАБОК

Жылі-былі дзед Ды баба.

Вось і кажа дзед бабе:

— Схадзі, старая, па кадушцы паскрабі, па скрыні памяці, ці не наскрабеш мукі на калабок.

Узяла баба крыльца, па кадушцы паскрэбла, па скрыні памяла і наскрэбла мукі жмені дзве.

Замясіла муку на смятане, зрабіла калабок, спякла ў масле і на акенца студзіць паклала.

Калабок паляжаў, паляжаў, узяў ды і пакаціўся — з акна на лаўку, з лаўкі на падлогу, па падлозе да дзвярэй, скок цераз парог— ды ў сенцы, з сенцаў на ганак, з ганка на двор, са двара за вароты, далей і далей.

Коціцца калабок па дарозе, насустрач яму заяц:

— Калабок, калабок, я цябе з'ем!

— Не еш мяне, заяц, я табе песеньку паспяваю:

Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На акенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Ад цябе, заяц, пагатоў уцяку!

I пакаціўся па дарозе — больш яго заяц і не бачыў Коціцца калабок, насустрач яму воўк:

— Калабок, калабок, я цябе з'ем!

— Не еш мяне, шэры воўк, я табе песеньку паспяваю

Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На акенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Я ад зайца ўцёк,
Ад цябе, воўк, пагатоў уцяку!

I пакаціўся па дарозе — больш яго воўк і не бачыў. Коціцца калабок, насустрач яму мядзведзь:

— Калабок, калабок, я цябе з'ем!

— Дзе табе, касалапаму, з'есці мяне!

Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На акенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Я ад зайца ўцёк,
Я ад воўка ўцек,
Ад цябе, мядзведзь, пагатоў уцяку.

I зноў пакаціўся — больш мядзведзь яго і не бачыў.

Коціцца калабок, насустрач яму лісіца:

— Калабок, калабок, куды коцішся?

— Качуся па дарожцы.

— Калабок, калабок, паспявай мне песеньку!

Калабок і заспяваў:

— Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На акенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Я ад зайца ўцёк,
Я ад воўка ўцёк,
Ад мядзведзя ўцёк,
Ад цябе, лісіцы, лёгка ўцячы!

А лісіца кажа:

— Ах, песенька прыгожая, ды чую я кепска. Калабок, калабок, сядзь мне на носік, браток, ды паспявай яшчэ разок, мацней.

Калабок ускочыў лісіцы на нос і заспяваў мацней тую ж песеньку.

А лісіца зноў яму:

— Калабок, калабок, сядзь мне на язычок ды паспявай апошні разок.

Калабок скок лісіцы на язык, а лісіца яго — гам! — і з'ела.


ЛІСІЦА І ЦЕЦЯРУК

Цецярук сядзеў на дрэве. Лісіца падышла да яго і кажа:

— Добры дзень, цецеручок, мой дружок! Як пачула твой галасок, дык і прыйшла цябе праведаць.

— Дзякуй на добрым слове,— сказаў цецярук.

Лісіца прыкінулася, што недачувае, і кажа:

— Што ты там гаворыш? Не чую. Ты б, цецеручок, мой дружок, спусціўся на траўку пагуляць, пагаманіць са мною, а то я з дрэва цябе не чую.

Цецярук сказаў:

— Баюся я спускацца на траву. Нам, птушкам, небяспечна хадзіць па зямлі.

— Хіба ты мяне баішся? — сказала лісіца.

— Не цябе, дык другіх звяроў баюся,— сказаў цецярук.— Усялякія звяры бываюць.

— Не, цецеручок, мой дружок, нядаўна ўказ аб’яўлены, каб па ўсёй зямлі мір быў. Цяпер ужо звяры адзін аднаго не чапаюць.

— От гэта добра,— сказаў цецярук,— а то вунь сабакі бягуць; каб па-даўнейшаму, дык табе ўцякаць трэба было б, а цяпер табе баяцца няма чаго.

Лісіца пачула пра сабак, натапырыла вушы і хацела ўцякаць.

— Куды ж ты? — сказаў цецярук.— Цяпер жа ўказ, сабакі не зачэпяць.

— А хто іх ведае? — сказала лісіца.— Можа, яны ўказа не чулі.

I кінулася наўцёкі.


ВОЎК І САБАКА

Худы воўк хадзіў каля вёскі і сустрэў тлустага сабаку.

Воўк пытаецца ў сабакі:

— Скажы, сабака, дзе вы корм бераце?

Сабака яму гаворыць:

— Людзі нам даюць.

— Відаць, вы цяжкую людзям службу служыце?

Сабака сказаў:

— Не, наша служба не цяжкая. Работа наша—ўночы двор пільнаваць.

— I толькі за гэта вас кормяць?—спытаў воўк.— Гэта ж і я хоць зараз на вашу службу пайшоў бы, а то нам, ваўкам, цяжка корм здабываць.