- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (108) »
Аляксей Карпюк КАРАНІ
РаманПадрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Карані: Раман — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — 351 с. ISBN 5-340-00015-Х
© OCR: Камунікат.org, 2011 © Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011
ПРАЛОГ
Існуе толькі дзве справы, вартыя чалавека: дабыванне хлеба і пошук ісціны.Р. А. Сямёнаў— ляснічы з-пад Кастрамы (з газет)
Летні ранак. Паветра яшчэ не нагрэлася; яно густое, хоць ты рэж яго нажом на празрыстыя пласцінкі. У недасяжным высокім небе —глыбокая-глыбокая сінява, там без зямной спешкі і мітусні чырлікалі жаўрукі. Дарога ад Лаўрэнавага хутара да вёскі Зялёная Даліна пакуль што пуставала. У вёсцы не брахаў ні адзін сабака. Панавала цішыня, поўная мудрай велічы і спакою. Свае цяжкія воды з металёвым, як у разлітой ртуці, адценнем Нёман нёс уздоўж агародаў у Балтыку ўпэўнена, раўнадушна і маніў да сябе, абяцаючы халадок ды асалоду. За рэчкай — не то дзеці на траве грэліся, не то буслы пахаджвалі, не то ляжалі пярэстыя каровы. За імі ў імглістым марыве ледзь зелянеў стручок масалянскай царквы. На краі вёскі красаваўся двухпавярховы будыначак праўлення калгаса і сельсавета — ладны, бы дача пісьменнікаў у Друскеніках. Каля яго застылі дзве грузавічкі. Чакаючы нарада, шафёр Франак Шмігельскі — буйны весяльчак і стары кавалер — дражніўся з барадатым худым напарнікам: — Юрка, частушку пра цябе ўспомніў, паслухай:
Эх, нікому так не файно,
Як нашаму Юрцы,
Сам на печы грэе плечы,
Я ... у пячурцы!
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
ЧАГО ПРЫЯЗДЖАЛІ СЫНЫ
1 Сярод Лаўрэнавага падворка якраз грэбаліся куры. Малінавым лакам ды серабрыста-люстраной храміроўкай сляпіў вочы толькі што старанна памыты гарачай вадой «жыгуль». На штыкетах дасыхала бялізна гаспадара хутара, звечара памытая нявесткай. Сам стары Лаўрэн Маркевіч ніякай бяды яшчэ не адчуваў, а ля плота бесклапотна гутарыў сабе з унучкай. Разрываючы сярэбраную фольгу з дзедавага падарунка, Света бойка казала: — А ты шакаладу не любіш. Праўда, дзед? — Э-ка! — I ніколі-ніколі не еў? — Здаецца, нігды. — Ы-ы-ых!! — Што тут дзіўнаго? Для мяне ён фэкі — ніякаго смаку не мае. Лепш кавалак хлеба ці гарачую бульбіну з'есці. Малая была іншай думкі. Збіраючыся піхнуць у рот востры абломак карычневай пліткі, паглядзела на дзеда з літасцю. Яшчэ з яго і пасмяялася: — О-ой, умо-ора! Лаўрэн павесялеў таксама, здаволены, што рассмяшыў гарадскую сваячку. — А мёд, што я вам праз дзядзю Франака паслаў, бацькі табе давалі каштаваць? Вочы малой расшырыліся ад жаху: — Неа! — Чаму-у? — Дзе-еду, а мамка знайшла ў ім адарванае ад пчалы крыло-о! — То выкінула б, што знайшла, і — толькі той бяды! — Там яшчэ былі но-огі!.. Ад гэтаго зара-аза бывае, мамка каза-ала! — Выдумваеце вы там са сваёй мамкай штось! — Пра-ада, дзед! — А ў школу ўжэ рыхтуешса? — Ага! Тата мне ранец з Мінска прывёз! Са шкелцамі, каб у іх фары ад машын блішчалі! — То вучыса, унучка, там доброІ за мяне, і за бабу. Старайса, як толькі зможаш. — Я ўжэ ўмею казкі чытаць! — Умееш? Але ўнучцы напрыкрала старога слухаць. — Дзеду, а чаму ў цябе такія чорныя ногі? — Бо ўжэ старыя. — Неа. — А ты думаеш — чаму? — Мамка кажа, ты іх ніколі не мыеш! — Мало што можно гаварыць. Калі цёнгле ходзіш босы, то мый іх ці не мый — адзін чорт. Малая хвіліну памаўчала. — А оты я ведаю, чаму яны чорныя! Такімі іх немец у вайну табе зрабіў! Праўда, дзед? — Дай ты веры, дзіця, што ты трэліш?! — А оты — праўда! — Патрэбны былі немцу мае ногі! Свайго клопату ў яго хапало аж надто! Унучка ўважліва прыглядзелася: — Ты сёння галіўся? — Бо вас чакаў. — А-а... А-а... — Што ты ашчэ ўбачыла? — Дзе-ед, хі-хі-хі! У цябе... А ў цябе... З носа тырчаць валасінкі, хі-хі-хі-хі! I з ву-ухаў!.. О-ой, умо-ора! Гэта таксама табе немец зрабіў? — Ат, балбычаш быле што... — А я ведаю — немец! Называўся — Гітлер, а імя ў яго было — Капут, праўда, дзед? Пра-аўда, бо я ве-едаю! Як ты слухаеш такімі вухамі?! I нюхаеш як?!. Хі-хі-хі-хі!.. Стары вінавата павёў далонню па твары, а ўнучка ад весялосці аж сагнулася наўпол: — О-ой, умо-ора! — ... — Дзеду, раскажы што-небудзь пра вайну, га? — Цяпе-ер? — Ну! Толькі страшнае-страшнае раскажы, добра? Альбо смешнае-смешнае, каб аж сэрца запішчала! — Ат, столькі пра яе ўжэ гаворано і перагаворано... Дый не ў такую пару аб ёй правіць, унучка... Прыйдзе час адпаведні — тады і раскажу. — Цяпер- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (108) »