Litvek - онлайн библиотека >> Геннадий Григорьевич Ануфриев >> Научная Фантастика >> Водбліскі

Генадзь Ануфрыеў Водбліскі

Галіне ФАТЫХАВАЙ — з удзячнасцю

Хворы зварухнуўся. Ягоная рука прыўзнялася і зноў бяссільна лягла на беласнежную прасціну. Доктар узяў гэтую худую, амаль што празрыстую, з сінімі венамі руку, паслухаў пульс. Потым апусціў і пахітаў галавой.

Перада мной ляжаў чалавек, якога я добра ведаў, так, як самога сябе. З ім звязана столькі радасных імгненняў у маім жыцці, колькі, відаць, і непрыемнага — якое я, не задумваючыся, дараваў яму. Гэта мой сябра Антон.

Падпарадкаваўшыся неўсвядомленаму імпульсу, я падышоў да акна. Пераставіць на падаконнік вялікую эмаліраваную міску, якую заўважыў у куце, і наліць у яе вады было справай некалькіх хвілін. У тое ж імгненне нешта асляпляльна яркае ўдарыла ў вочы. Гэта былі сонечныя промні, якія адбіліся ў вадзе. Па сцяне над ложкам хворага прабягалі блікі. Яны бруіліся, мянялі колеры, ствараючы нешта непаўторнае, што варушылася, жыло…

Я схапіў бязважкую руку і прыклаў да сцяны.

— Антон, блікі!

Пальцы сябра зварухнуліся, ён амаль што прыўстаў з ложка.

— Блі-кі… — пачуўся слабы шэпт. — Я змог…

— Так, ты змог, табе гэта ўдалося!

Яго пальцы выслізнулі з маіх і самі па сабе пачалі рухацца па сцяне, быццам хацелі намацаць, схапіць гэтыя няўлоўныя, нерэальныя стварэнні.

Раптам усё згасла. Я не адразу зразумеў, што гэта сонейка схавалася за воблакам. Антон адкінуўся на падушку. Яго грудзі часта ўздымаліся, дыханне было няроўнае. Дзве слязінкі выслізнулі з-пад прыплюснутых павекаў і павольна папаўзлі па бледных шчоках. Я не змог больш заставацца ў палаце. Дастаў з кішэні ключ, паклаў на тумбачку, расчыніў дзверы і выскачыў з палаты.

— У фарбах.

— Ведаеш, дзве твае карціны купілі. У мастацкім салоне.

— Ведаю. — Ён засмяяўся. — Гэта ўсё не тое.

— Што — не тое? — Я здзіўлена паглядзеў на яго.

— Усё. Усе мае папярэднія работы. Ды ты садзіся. Пайду прыгатую каву.

Пакуль ён мыў рукі і гатаваў духмянае пітво, я агледзеў знаёмую мне кватэру. У глыбіні драўляная лесвіца нібы хавалася ў прыцемку, яна вяла ў майстэрню — быццам пераход у іншы, «яго» свет. Я падняўся наверх.

Паветра тут здавалася халаднейшым, чым у гасцёўні. Скрозь вялізнае акно да самай столі лілося сонечнае святло, дзесьці з гудзеннем білася аб шкло муха. Пахі фарбаў і яшчэ нечага няўлоўна-знаёмага, што хвалявала, — гэтыя пахі знаёмыя мне з дзяцінства. Так пахла ў доме маёй бабулі пасля яе смерці — старымі рэчамі, запыленымі кнігамі і адзіноцтвам…

Пачуліся крокі на лесвіцы. Антон падаў мне кубак гарачай духмянай кавы.

— Ну, як твая работа? — я падышоў да мальберта і скінуў покрыва. Няскончаны партрэт дзяўчыны. Паэтычны сімвал маладосці і чысціні.

— Ды так, патрошкі, — ён паціснуў плячыма.

У куце я заўважыў вялізнае прыкрытае палатно.

— А гэта што? — наважыўся адхінуць прасціну, але голас Антона спыніў мяне.

— Не, гэта не глядзі.

Ён рашуча сціснуў маю руку. Узнікла няёмкая паўза. Не помню, каб калінебудзь раней адчуваў сябе з сябрам так няўпэўнена. Бадай, ён вельмі змяніўся, я не ўгледзеў пачатак гэтай перамены. Напружанасць амаль адчувалася, і мяне ахапіла незразумелае прадчуванне бяды. Гэта была не беспрычынная, а абсалютная — і ад гэтага яшчэ больш незразумелая — упэўненасць у блізкасці чагосьці жудаснага і непапраўнага.

Я дакрануўся да рукі сябра, і ён здрыгануўся.

— Антон, апошнім часам ты мала малюеш, не ўдзельнічаеш у выставах. Што здарылася?

На імгненне яго вочы ажывіліся, і ён насмешліва зірнуў на мяне.

— Ты ж ведаеш, я асвойваў тэхніку раздзельнага вытанчанага мазка з захаваннем аб’ёмнага адлюстравання.

— Лухта! Прабач, але гэта не тлумачэнне.

Ён пільна ўгледзеўся ў мяне.

— Добра, так і быць, патлумачу. Як табе ўжо сказаў, усё напісанае мною раней — глупства, — ён падняў руку, спыніўшы мае пярэчанні; у вачах з’явіўся дзіўны, незнаёмы бляск, голас узвысіўся. — Помніш Філонава? Задача мастака — перадаць усю паўнату жыцця, аж да самага руху малекул. «Відушчае вока» перадае толькі контуры; сутнасць жа ў тым, каб перадаць утоеныя працэсы!

— Ты хочаш стварыць цуд! — неасцярожна заўважыў я.

Ён страпянуўся.

— А што такое цуд? Цуд ёсць праява, а дакладней сказаць — прарыў у нашу паўсядзённасць будучай паўсядзённасці. Сёння гэтыя прарывы адзінкавыя і таму здзіўляюць. Але ж яўнай мяжы між нашай і будучай, «цудоўнай», паўсядзённасцю быць не можа. «Цуды» павінны здарацца ўсё часцей, і калі мы да іх прызвычаімся, яны перастануць быць цудамі і пяройдуць у штодзённасць. Як ты ўжо ведаеш, я шмат, вельмі шмат працаваў над тэхнікай. У мяне ёсць адна запаветная ідэя, калі хочаш, — мара. Глядзі!

Антон схапіў вялікі акварыум з вадою, які стаяў на століку, паставіў на падаконнік, некалькі разоў павярнуў, шукаючы патрэбнае становішча.

— Бачыш? — сябра паказаў на блікі, якія бегалі па сцяне. — Вось гэта я і хачу напісаць. Разумееш?

— Здаецца, што так.

Відаць, выгляд у мяне быў ашаломлены, бо нічога падобнага я не чакаў.

Глянуўшы ў кут, дзе стаяла вялікая карціна, спытаў:

— Гэта яна?

— Яна. Цяпер магу паказаць яе, калі хочаш.

Не дачакаўшыся адказу, ён падышоў да карціны і адкінуў пакрывала. Я ўбачыў запоўненае каляровымі плямамі палатно. Здавалася, што школьнік паспрабаваў на ім толькі што купленыя фарбы. Хаваючы расчараванне, я з залішнім энтузіязмам вымавіў:

— У ёй нешта ёсць!

Але Антон мяне перабіў.

— Не трэба, не прыкідвайся. Ведаю, што ты думаеш. Здаецца, у мяне нічога не атрымалася. Але я іх напішу.

Гаворачы гэта, ён зрабіў выразны жэст рукою, вочы яго гарэлі. Такім свайго сябра я ніколі не бачыў.

Адыходзячы, яшчэ раз зірнуў на няскончаны партрэт дзяўчыны.

— Павінна атрымацца ўдала.

— Так. — Голас Антона гучаў абыякава.

* * *
Некалькі дзён я быў вельмі заняты: дапісваў артыкул, працаваў, як апантаны, і забыўся на некаторы час пра нашу размову. Раз-два збіраўся забегчы да Антона, але ўсё ніяк не атрымлівалася. Аднойчы, калі ўжо цвёрда вырашыў наведаць яго, сябра пазваніў сам. Я не адразу пазнаў яго голас, настолькі ўсхвалявана ён гучаў:

— Прыязджай хутчэй! Мне ўдалося! — Антон не стаў слухаць мяне, кінуў трубку.

Яго хваляванне перадалося і мне. Верылася і не верылася ў тое, што пачуў. Аднак не стаў марудзіць, а паехаў да яго. Ужо калі падымаўся па лесвіцы, інтуітыўна адчуў: нешта здарылася. Каля дзвярэй Антона мяне сустрэў ягоны сусед.

— Да мастака? Антона толькі што забрала «хуткая дапамога».

Гэта было поўнай нечаканасцю, я збянтэжыўся.

— Вы знаёмыя?

— Мы сябры. Але што здарылася?

— Па праўдзе кажучы, не ведаю…

У