Litvek - онлайн библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> Акраец хлеба >> страница 48
Яны мяне разважалі, нават калюча-кплівая, вясёлая сястра, на дваццаць год старэйшая за мяне. I гэта ўспамінаецца так добра.

Братоў кулі было двух, яны дружылі, i гэта адпавядала нашай дружбе з братам Міхасём. Але ж там, у апавяданні, была яшчэ i краса, узвышаная краса чалавечнасці, туга па прыгожым, па дабраце, пачуцці ўжо знаёмыя i мне. Я быў дзівак, значыцца, я быў паэт. I застаўся ім, гатовы i сёння заплакаць, як нехта сказаў бы, зусім недарэчы.

Так было сёння ў таварыстве дружбы, дзе мы глядзелі з індусамі дакументальныя фільмы пра Беларусь, ваенных i пасляваенных дзён, з горам i радасцю выпрабаванняў i перамогі.

Такі настрой паўтарыўся цяпер над старонкамі Чорнага.


* * *

Патомны парабак. Быў бы ім, каб не Кастрычнік. Ці думаў, ці гадаў хто з ягоных бацькоў ды дзядоў, што з тое беспрасветнасці выйдзе вялікі мастак, які з найбольшым разуменнем, з найглыбейшым пранікненнем у тэму раскажа пра тую беспрасветнасць свайму народу i ўсяму свету?.. У гэтым штосьці такое прыгожае, значнае, пра што так няпроста сказаць на ўсю сілу, на ўсю глыбіню адчування.

Днямі я думаў,— здавалася, што з найбольшай, як дагэтуль, яснасцю,— як гэта няважна: колькі мець славы, таленту, а як важна правільна карыстацца сваімі магчымасцямі, рабіць іменна тое, што трэба.

Думка гэтая вярнулася цяпер, калі чытаю Віткава слова пра Чорнага. Чытаў я гэта i раней, але, відаць, з меншай сілай прыёму, бо цяпер мне здаецца, што Чорнага пазнаю ўсё глыбей. «Вінаваты» тут i Адамовіч з яго «Маштабнасцю прозы», i сам Чорны, апавяданні якога я для душы, для яе раўнавагі адны чытаю, a другія перачытваю. Вось ужо некалькі дзён. Вінавата, магчыма, i яшчэ што-небудзь, пакуль не вельмі выразна ўсвядомленае...

Разумнасць нашых паводзін (што рабіць, як рабіць) павінна залежаць i ад той горычы, якую мы адчуваем даволі часта. Не лічачы людзей глухіх на яснасць нацыянальнай палітыкі, якую так неабвержна выказаў перад смерцю, з найбольшай глыбінёю, Ленін.

Вельмі добра, што будзе ў нас i такая проза: расказы пра нашых лепшых пісьменнікаў, жывыя i глыбокія. Гэта ўжо ёсць i ў Віткі: Чорны, Дубоўка, Лынькоў... I Сухамлінскі. З апошнім — не толькі братняе, украінскае, але i агульналюдскае. Так трэба пісаць i пра сваіх.

...Чорны кожную з'яву жыцця бачыў як сапраўдны мастак — у маштабах эпохі, гісторыі.


* * *

Калі мяне, хвалячы, называюць лірыкам, я адчуваю нейкую прыкрасць: што я вам — тэнар які, бяздумны i саладжавы?..

I цяпер падумалася так, калі разгарнуў Чорнага («Сцены») i пачаў ісці за яго думкай, такой сталай ужо ў дваццаць сем год.


* * *

На цэлы месяц — у лясным спакоі. Пакуль што толькi раскоша чытання. Ад Швейцара i Хікмета, праз маладога Алеся Жука, зноў да таго, каго ўсё пачынаю ды пачынаю разумець.

I нейкі смак да паперы i ручкі, як да яды пасля хваробы. Няўжо хутка буду пісаць? Няўжо ўсё тое, што цяпер раблю, што адбываецца са мною — патрэбна як падрыхтоўка, вучоба?

Добра, глыбока — «Ліст», сам гэты ліст, раздзел з апавядання «Ліст Якуба Малькевіча».

Які пісьменнік поўнасцю не адбыўся! «Між іншым...»


* * *

Часамі гэта цьмяны чарнавік («Броня Казакевіч», «Браты»), калі невядома, чаго ён, аўтар, хоча, пра што гаворыць так прыблізна.

Часамі прытча («Семнаццаць год»), калі спачатку думка, а потым нацягванне фактаў, падзей, каб думку тую прыкрыць, даць ёй вобразнае выражэнне, даволі часта не зусім, не вельмі верагоднае. Там людзі гавораць за аўтара, як у жыцці яны ніколі не гаварылі (расказ маладога салдата), там думка, хоць i глыбокая, існуе сама па сабе, i мастацтва няма, ёсць раздваенне зместу, ідэі i формы яе выражэння.

I толькі там, дзе гэтага раздваення няма, там ён, Чорны, паўстае як цэласны філосаф i паэт, асабліва ў апавяданнях 20-х гадоў.

Мне з ім спачатку не пашанцавала: на дваццаць пятым годзе жыцця пачаў чытаць яго з гэтых якраз «Броняў Казакевічаў» ды «Брыгадзіравых памылак». I мяне, ужо сяк-так знаёмага з сапраўднай літаратурай, Чорны адразу не ўзяў.

Знаёмячыся з ім асабіста, я не ведаў яго цаны, а стоячы ў ганаровай варце — значэння нашай страты.

Вось што такое першае ўражанне. Яно заставалася са мной, у той ці ў іншай меры вяртаючыся, даволі доўга. Толькі цяпер яно... як быццам толькі цяпер пачынае праходзіць па-сапраўднаму.

Такое адчуванне адкрыцця.

...Вайна ў яго неваяўнічая,— усюды мужык на вайне, селянін. Амаль усе гавораць аднолькава, i салдат, i палкоўнік, i аўтар (у тым жа апавяданні «Семнаццаць год»).

Бяда гэтая ёсць часткова i ў нас: дзе тыя рабочыя, салдаты, афіцэры, тэхнічныя інтэлігенты, што гавораць так, як мы гэта пішам? Сумна, цяжка бывае — гэтая адарванасць, такі разрыў...

Месца, абставіны ў яго («Вінгель») настолькі ўжо часамі ўмоўныя, як быццам ён вакол свае задумы, каб выказаць яе, гародзіць нейкія дэкарацыі, расстаўляе нейкіх манекенаў.

«Рамонтная брыгада». Ад нарыса не адарваўся, а да апавядання не дацягнуў. Канспект. Таропкі, мнагаслоўны, шэры. Чытаецца такое толькі з павагі да аўтара. Калісьці я так не змог бы, не ведаючы, што такое Чорны.

Бяда, калі з «эпічнымі прыёмамі» падыходзяць да лірыкі — называюць пачуцці, а не перадаюць ix чытачу. «Ён адчуў страшэнную злосць, ненавісць да ворага». «Ён успомніў галодных дзяцей i яму стала ix вельмі шкада»...

I пацешная «ліпа» ў апавяданні «Злачынца пакараны». «Сержант артылерыйскага палка» ішоў за фурай хлеба, ахоўваючы яго. Гэта ў давераснёўскай Польшчы. Па-першае — не па чыну: тут i яфрэйтара хапіла б, бо сержант таго часу адпавядае фельдфебелю, нашаму старшыне. Па-другое, у польскай артылерыі быў не «сержант», a «огнёмістш». А па-трэцяе, i наогул — якога ліха ён будзе не ехаць на той фуры, a ісці за ёю, тым больш, што i возчык — таксама салдат, які павінен усё давезці някранутым.

Неяк у Кіеве сябры хвалілі мне навелы рэабілітаванага Касынкі. Адразу купіў ix, пачаў дома чытаць i... надоўга спаткнуўся на тым, што польскую граніцу перад вайной ахоўвалі... «конныя гарцэжы» — члены дзіцячай арганізацыі.

У аўтараў гэтага ранга такіх рэчаў быць не павінна. Гэта ж не той наш надзіманы «класік», у якога заходнебеларускі селянін абуваўся ў... драўляныя скрыначкі, наслаўшы туды пырніку.

Што ж, i Чорнаму трэба было служыць «публіцыстам».

Ці не такое служэнне ён меў на ўвазе, калі ў перадсмяротным дзённіку горка шкадаваў, што так многа пісаў непатрэбшчыны?


* * *

Пасля спробаў індустрыяльных ды замежных пайшлі спробы калгасныя, трэба сказаць, больш удалыя. Сярод ix «Трухлявае кола», «Звяга», «Макаркавых Волька».

Найлепш напісана апошняе. Шаблонна кажучы — на маральную тэму. У той час i такая смеласць была, відаць, сапраўднай смеласцю.

Ажно задумаўся: калі ж гэта i з ім