Litvek - онлайн библиотека >> Сяргей Грахоўскі >> Современная проза >> Суровая дабрата >> страница 41
старасці. Прыгадалася даўняя гісторыя: выбракавалі баявога кавалерыйскага каня і прадалі вадавозу. Кожны дзень ён вазіў цяжкую бочку. Аднойчы пачуў трывожны сігнал трубы, да крыві закусіў цуглі, не паслухаўся фурмана і з бочкаю стаў у строй.

«Можа, і мяне яшчэ пакліча баявая труба?» — суцяшаў сябе Васіль Захаравіч.

Ён не спаў да раніцы, перабіраў у памяці ўсё жыццё: баі і паходы па лясах і дрыгве, па камяністых сцежках Валенсіі, прыгадаў і радасць Перамогі. За што ваяваў? За гэтую родную зямлю, за шчасце людзей на ёй, за дабро, якое шчодра сеяла яго жылаватая дужая рука.

На досвітку пайшоў пратаптанаю за многія гады сцежкаю — на фермы, у майстэрню, прыдзірліва прыглядаўся да кожнай драбніцы. Узрадаваўся, сустрэўшы новага старшыню: «І гэты не праспаў першага дасвецця». А ў душы зашчымела пякучая зайздрасць. Але хіба можна зайздросціць і папракаць за маладосць?

Дамовіліся пасля нарады абмеркаваць бліжэйшыя задачы.

— Вызначым, якія вышыні прыйдзецца браць,— усміхнуўся Корж...

Доўга вызначалі, складалі дзёрзкія планы.

А выязджаць з родных мясцін не хацелася: марудзіў. Ледзь не тыдзень перадаваў справы, знаёміў новага старшыню з гаспадаркай і з людзьмі. Ад сястры даведаўся, што калгаснікі рыхтуюць яму ўрачыстыя праводзіны. Баяўся, што не стрымаецца, расчуліцца.

Ноччу пастукаўся да шафёра.

— Ты прабач, Іван, за турботы. Тэрмінова трэба падскочыць у адно месца. Заводзь і пад'язджай да мяне.

На задняе сядзенне «газіка» кінуў Васіль Захаравіч усе свае набыткі за сем з лішкам гадоў — цыратовы чамаданчык, і паехаў у Мінск, у драўляны дамок на Дрэваапрацоўчай вуліцы. Гэты дом і пасля заставаўся гасцініцаю і перавалачнаю базаю калгаса «Партызанскі край».

Кожны раз Васіль Захаравіч не толькі ўважліва слухаў расказы заезджых паляводаў, аграномаў, механізатараў, не толькі распытваў пра ўсе дробязі, але па-ранейшаму хадзіў з імі ў міністэрствы, на базы, здабываў угнаенні, запасныя часткі, нарады на гатунковае насенне, даставаў мэблю для клуба і абсталяванне для дзіцячых садоў. Ганаровы старшыня не толькі быў ганаровы — ён жыў справамі і клопатамі калгаса, быў прадстаўніком «Партызанскага краю» ў сталіцы.

А весткі даходзілі трывожныя і сумныя: падае ў калгасе дысцыпліна, пустазелле глушыць палі, стаяць сапсаваныя маторы, азімае жыта пасеялі без угнаенняў. Калгаснікі прасілі Васіля Захаравіча прыехаць і ўмяшацца ў іх справы. Сітуацыя складаная: хоць бы не пакрыўдзіўся новы старшыня. Але лёс калгаса, лёс людзей вышэй асабістай крыўды.

У адліжны сакавіцкі дзень 1962 года Корж прыехаў у калгас і адразу граніў на справаздачны сход у сёмай брыгадзе. У клуб сышлося болей за чатырыста калгаснікаў. Першым у прэзідыум абралі Васіля Захаравіча.

Пасля дакладу старшыні брыгадзіры і паляводы пачалі гаварыць пра недахопы І пралікі ў працы.

— Што вы, таварышы, мы ж сёлета атрымалі хлеба на працадзень больш, як у мінулыя гады,— апраўдваўся старшыня.

— Дык той хлеб, дзякуй яму, Захаравіч пасеяў на ўгноеных палях. А вы жыта ўкінулі ў голы пясочак. Што ўвосень будзем здаваць дзяржаве, чым карміцца будзем? Зноў людзі разбрыдуцца на заработкі.

— Васіль Захаравіч, злітуйся, калі хочаш, на калені ўсе пастанем, толькі аставайся. Ты нас на ногі паставіў, а за гэты год зноў захісталіся, як дубец на ветры,— нізка пакланілася сівая жанчына.

Сход зацягнуўся да чатырох гадзін раніцы, і ўсё ж упрасіў Каржа застацца. Пасля такіх жа гаманкіх сходаў у Чаланцы і Хораставе Васіль Захаравіч зноў прыняў гаспадарку. Не мог не прыняць, не адважыўся адмовіць землякам, не выканаць абавязак камуніста.

І яшчэ тры гады асушваў балоты, будаваў фермы і школы, урабляў глебу і саджаў лясы, масціў дарогі і брукаваў вуліцы генерал, Герой Савецкага Саюза, член Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі Васіль Захаравіч Корж.

У 1967 годзе нястомнага сейбіта зваліла цяжкая немач.

Толькі смяротна параненага байца выносяць з поля бою. А бой працягваўся за новае светлае жыццё на палескай зямлі. На змену сталі маладыя, энергічныя і дбайныя выхаванцы Васіля Захаравіча.

Калі белай квеценню ўкрыліся пасаджаныя ім сады, 5 мая 1967 года спынілася сэрца легендарнага партызанскага важака, дбайнага гаспадара палёў, сумленнага, да рэшты адданага народу камуніста.

«Васіль Захаравіч усе свае сілы аддаў беззапаветнаму служэнню Камуністычнай партыі і савецкаму народу, карыстаўся любоўю і павагаю працоўных»,— пісалі ў некралогу кіраўнікі партыі і ўрада рэспублікі.

Як трэба любіць людзей, як быць адданым ім, каб заслужыць любоў і павагу працоўных!

Да назвы калгаса «Партызанскі край» дадалося імя Васіля Захаравіча Каржа.

Тут усё задумана і выпакутавана ім, створана супольна з нястомнымі землякамі.

Пра што б ні спытаў ці ні загаварыў, кожны абавязкова ўспомніць свайго галоўнага старшыню. Цяпер самыя высокія ўраджаі — на каржоўскіх тарфяніках, дзевяць школ — клопат Васіля Захаравіча, калгасны парк і водаправод — справа яго рук. Першыя тэлевізары набылі і ўстанавілі з яго ўдзелам. Цяпер іх у калгасе болей за 400. Зялёныя прысады ўздоўж белакаменных вуліц, сажалкі і клубы — яго клопат, яго праца.

На бязмежных хорастаўскіх палях коцяцца хвалі зялёнага жыта. Закаласіцца яно, адкрасуе, налье колас, даспее і пачне новы круг жыцця. А над палямі кружаць буслы і прыносяць у кожную хату яснавокіх маленькіх палешукоў — заўтрашніх гаспадароў гэтай адваяванай, расквітнелай і шчаслівай зямлі.

Дабро з пакалення ў пакаленне перадае нязгасная памяць удзячнага народа.


* * *

У зялёным сонечным Пінску ўвесну запальваюць бела-ружовыя свечкі каштаны. На Прыляці перагукваюцца рудавозы і белыя параходы. З расчыненых вокан дома № 8 па вуліцы Заслонава плывуць гукі раяля і скрыпак. На сцяне шыльда: «Пінская музычная школа», а побач — мемарыяльная дошка: «Тут 26 чэрвеня 1941 года быў арганізаваны адзін з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў, якім камандаваў В. З. Корж».

Вуліцу Заслонава перакрыжоўвае вуліца Каржа і выходзіць на вуліцу Веры Харужай.

Непарушнае, вечнае ў несмяротнасці партызанскае братэрства і слава сыноў і дачок няскоранага народа! Яны жывуць у справах, марах, сэрцах і памяці сучаснікаў і нашчадкаў

1973-1975 гг.

1

Дзённік.

(обратно)