Litvek - онлайн библиотека >> Ларыса Антонаўна Геніюш >> Биографии и Мемуары >> Споведзь >> страница 3
толькі такое было на маёй зямлі… Я была дзіўнай і часта не разумела сябе сама, ад усяго нядобрага мяне бараніла нейкая сіла. Нядобрага… А тое «нядобрае» было, можа, найлепшым у вачох бацькоў маіх, маіх сваякоў: багатае замужжа, грошы й слугі. «Не, у мяне ня будзе слуг, бо кожны мусяе сам сябе абслугоўваць», — секла я ў вочы спрыяючым людзям. Што мны ведалі пра тое, як дружна ў сялянскіх сем’ях, як ткуць дзяўчаты палотны ў куфры, як мараць. Як зьбіраюць на полі жанчыны чыста каласы ў снапы, якія яны працавітыя, а якія талковыя? Ёсьць, праўда, розныя людзі, але паганым чалавекам быць устыдно, і слаўныя толькі тыя, хто добры й справядлівы. Яшчэ малою я пачула, як нашыя госьцi: войт, пісар гмінны й бацюшка ўгаварыліся пакараць аднаго селяніна. Сын гэтага чалавека за буянства (ён яшчэ жыве) трапіў у турму, бацька ўнес за яго каўцыю[4] 500 зл. да суда, і вось той селянін нечым не дагадзіў сьвятару. Яны змовіліся, каб тае каўцыі яму не вярнуць. Гэта было страшна, бо на той час пуд жыта каштаваў два злоты, і хоць селянін быў ня з бедных і ня з тых, якіх я любіла, але і яго было жаль. Я ўсе яму расказала, што ён мае рабіць, гэта значыць ісьці перапрашаць сьвятара й так ратавацца. Узяў той Пятрук мёду з сабою і яшчэ нешта й так улагодзіў іправу, сына не засудзілі й грошы вярнулі. Гэтую тайну хаваў ён сьвята…

Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зьніжаюся да іх і яшчэ хвалю… Што ж, яны ня ведалі, якія вартасьці тояць у сабе, і, на жаль, пасьля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае… I так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з назамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памер чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам[5] на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, гдзе той мёртвы ляжаў…»

Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасьвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных» у Кракаў, але гэта я даведалася пазьней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленьне ў Воўпе з вясковай моладзьдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасьля цэрквы. Ён прывез харошыя касьцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэклямаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасьля знамянітага спэктаклю «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне ня знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасьце маім бацькам, якія вельмі паважалі мэдыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сьляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага… Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы…» Пасьля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў маяго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасьля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа маяго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім ня думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне сьледавацель назваў са злосьці адзіночкай у змаганьні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лес мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясьці, нейкай сілай ускладзеную, ношу адказнасьці за лёс сваяго народу…

I так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, сьпяваюць мне «Жыў на сьвеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта ня праца, па-мояму.

Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязьніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прышлае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасьць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсьці й шукаць нейкай праўды, ратунку для маяго народу. Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маей уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.

«Дзевчына-люд», — гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзэнтуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою… Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек ня наш… I так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сьцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, ня вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гэкт. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскрозь — ён з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош… Мяне ён ня любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сьцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а бяз гэтага ўсе для мяне чужое: