Litvek - онлайн библиотека >> Павел Капанскі >> Современная проза >> жыццё з вялікай літары Ж

Павел Капанскі

жыццё з вялікай літары Ж


Вокладка — Алена Медзякова

Рэдактура — Паліна Маслянкова, Дар'я Вашкевіч



жыццё з вялікай літары Ж

Я ішоў па алкараёне з баскетбольнай пляцоўкі дадому. Алка? Я сказаў «алка»? Не, канешне, не — па спальным раёне. Быў летні вечар, было вельмі цёпла. Я ўжо думаў пра тое, як бы гэта прыняць душ, паглядзець які-небудзь серыял і заснуць, каб такім чынам лагічна завяршыць яшчэ адзін дзень свайго бязглуздага жыцця. Але на падыходзе да свайго двара я пабачыў мужчыну, які ляжаў на зямлі. Наблізіўшыся да яго, я заўважыў на ім прыспушчаныя штаны і адчуў жудасны пах спаражненняў. Не, думаю, трэ ісці дамоў. Абысці бокам гэтага алкаша і валіць адсюль. Зрабіў некалькі крокаў. Спыніўся.


Са мной пачало гаварыць сумленне: «Што ты гэта робіш, гаўнюк гэткі? Ідзі і дапамажы чалавеку. А калі б ты таксама так ляжаў… » Э-э, хвіліначку. Вось тут, калі ласка, без усялякіх… Што за, маць тваю, шантаж? Па-першае, я не збіраюся так бухаць. Прынамсі, да такой ступені. Па-другое, на двары лета, цёпла, што з ім можа здарыцца? Праспіцца, прачнецца, пойдзе да жонкі, ну дасць яна яму патэльняй па галаве некалькі разоў — можа, ён чаго і зразумее. «Ты свіння!» — кажа сумленне. «А ты — дурное!» — адказваю, і тут чую сіплы голас за спінай:

— Хлопец… Хлопец…

Паварочваюся. У галаве толькі адна думка: валіць. Мужык спрабуе падняцца, але яго нібы магнітам цягне да зямлі. Стаў на адзін локаць, падняў палову цела. Пакуль паднімаў другую палову, першая зноў апынулася на зямлі.

— Дай… руку мне.

Я і так збіраўся ў душ, так што адзін хер. На. Маеш. Дапамог яму сесці. Апынулася, ляжаў ён на самым краі адчыненага люку.

— Мне нельга дадому…

Канешне, толькі ў каталажку. Ёпцель, а ты думаў, так набрацца — і цябе прымуць дома з распасцёртымі?

«Яму трэба дапамагчы дамоў дабрацца», — кажа сумленне. «Ідзі да дупы, — кажу. — Ты ўжо сваю чорную справу зрабіла. Замест таго, каб чысценькаму і шчаслівенькаму ляжаць у ложку, стаю тут каля алкаша, ад якога нясе за кіламетр, і каб гэта толькі гарэлкай… »

— Мне нельга дадому… Дома ж…

— Жонка і дзеці, разумею, — кажу спачувальна, нібы я яго сапраўды разумею.

— Не, не… там Жопа.

Пасміхаюся. Гляджу на сотавым баланс. Мінус трынаццаць рублёў. Ну, халера, адкуль яны бяруць гэтыя лічбы? Тэлефанаваць у міліцыю неяк няёмка. Яшчэ пашлюць куды... Але ж і не на сваім карку несці яго дахаты, ці куды там…

«На карку. На карку нясі!» — шэпча сумленне.

Бляха, калі б ты ўвасобілася — няхай сабе нават у дзяўчо — я б табе такіх навешаў!.. Сумленне сціхла.

— Там поўная Жопа. Мне трэба падняцца.

Мужык пераможна ўзнімаецца. Штаны з яго спадаюць. Ён спрабуе іх нацягнуць і зноўку апынаецца на зямлі. Не, думаю, больш я табе дапамагаць не буду. Паднімешся, дык паднімешся. А не, дык не. Мне што з таго?

«Ах ты, гаўнюк! Цябе хто выхоўваў? Езуіты?»

Дзед Мароз выхоўваў, блін. Задрала гэтае сумленне. Але ўсё адно стаю побач з мужыком. Той раскінуўся на зямлі зорачкай. Без штаноў. У лужыне. Падалося, што ён забыўся на мяне. З кім ён гаварыў? З небам? З Богам? Са сваім сумленнем? Няважна. Ён нібы нават працверазеў на гэты адзіны момант, каб потым зноў адысці ў царства зялёнага змія, што пануе і зараз у шматлікіх алка… прабачце, спальных раёнах.

— Я не прыношу зарплату ўжо трэці месяц запар, бо прапіваю, як толькі яе атрымліваю, запіваю на некалькі дзён з беспрацоўным суседам, — падзяліўся са мной мужык. — За святло і ваду няма грошай заплаціць. Жонка раве, што я ёлупень і сам сябе загнаў у такую жопу. Я ёй за гэта разок кулаком трэснуў. Каб ведала, хто ў доме гаспадар. Я грошы зарабляю, я іх і прапіваю. Чаго, на халеру, прычапілася? Яна ж ціхенечка так захныкала, а сама, курва, мянтоў на мяне выклікала. Маўляў, я яе б’ю. А дзе ж я б’ю, калі я выхоўваю? Мянты тут паўсюль рыскалі, а я схаваўся ў кушчах, перачакаў. Толькі потым выпаўз, думаў пайсці дахаты, каб дабіць гэтую курву неразумную. Але не дайшоў. Вось. А праз некалькі дзён нас выселяць з кватэры. А мне да жопы. Буду ў суседа жыць. Будзем квасіць з ім, мляць… пакуль не здохнем… о, пайду да яго… Толькі як гэта... Ы-ы-ы! — тут мужык пачаў раўці, нібы мядзведзь, у надзвычайных патугах.

«Яго не ратаваць трэба, яго забіць мала! Вазьмі палку і вальні разок па ягонай мазгаўні». — «Сумленне, гэты ты?» — «Бяры палку! — крычыць. — Дай яму так, каб чэрап праламіць! Ну, чаго стаіш?! Слюнцяй!» — «Я не магу… За што?» — «Бо ён, бо такія, як ён!..»

Што, трэба дапамагаць людзям, не занураючыся ў іх праблемы? Чым ён быў лепшы, пакуль я яго не паслухаў? А цяпер і сапраўды такое жаданне…

Цела плюхнулася, як мяшок з гаўном. Я зачыніў за ім люк. Трэба было адразу ісці сабе дадому, а не слухаць маё грэбанае сумленне разам з гэтым алкашом.

— Пеця! Пеця, дзе ты? Пеця, я ўсё прашчу!

І што зараз? Ну, куды ж ты падзелася, сумленне, тваю маць? Ага, маўчыш. Канешне. Злучыць каханкаў у адным месцы? За што яе? За тое, што гатовая ўсё дараваць.

— Тут ён! — крычу.

А сам думаю: ну здалося мне гэтае правасуддзе! Вось сапраўды, усё пачынаецца з сумлення…


навагодняя гісторыя

Знянацку я зразумеў, што трахнуў фею.


Засунуў палец у рот і праверыў зубы. Усе на месцы. І чаму б ёй прыходзіць па мае зубы? Малочныя даўно выпалі, а цяпер я карыстаюся добрай зубной пастай.

Фея ляжала поруч і спала ціха-ціха. Не варухнулася ані разу. Я асцярожна агледзеў пакой — нічога новага. Ніякіх табе падарункаў, скрынак са стужкай ці новай тэхнікі. А хутка Новы год. Значыць, падарункаў яна таксама не прынесла. Але нічога і не спёрла.

Крыўдна, мне б прыдалася новая пральная машына. Альбо каб скралі стары тэлевізар. Моцы не стае, каб яго выкінуць.

На крэсле побач ляжала мая вопратка. Ейнай не было відаць. Можа быць, феі голыя лётаюць. Трэба будзе ў вікіпедыі зірнуць.

Вось жа, халера, забыўся, што і інтэрнэт у мяне даўно не працуе як след. Кожны месяц спраўна плачу грошы, а ён не працуе. Вось так прачынаешся ранкам і думаеш, што свет зрабіўся лепшы. А ён не зрабіўся. А ты трахнуў фею.

Учора бачыў, як стары мужчына купляў у абменніку даляры. Шэсць штук. Не штук, а штук. Хвілін пятнаццаць касір пералічваў беларускія грошы, а потым акуратненька перадаў яму шэсць штук. Мужчына паклаў даляры ва ўнутраную кішэню курткі і нават не