Litvek - онлайн библиотека >> Кастусь Акула >> Современная проза >> Дзярлiвая птушка >> страница 2
class="poem">
Яно пахавана ў глыбокiя курганы,
Крывёй-бальзамам гоiць сны.
Твой гэнiй, у мiнулым паруганы,
Да славы ўзьнiмуць вольныя сыны.
Ты сiлы трацiла свае дазваньня;
Цябе абплакаў на кургане клён.
Штогод тваё спраўлялi ўкрыжаваньне,
Штогод гiсторыi праклён.
Таму й мiнулае ў мармурах не застыла
I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.
Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,
Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.
Язэп Пушча

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Янук раз-пораз спыняўся й ляскаў пугай. Сярэдняга росту калматы руды сабака Тапсiк, сьцямiўшы, што павесялеў пастух, з уцехай падскокваў уверх на ляскат пугi й зьвяглiва, быццам сьмяючыся, брахаў. А хлопчык, — як i належыцца такому ўсяўладнаму сабачаму гаспадару, — то пагражаў сабаку пальцам, то, прыкiдываючыся, касавурыўся на яго, быццам за тое, што той замнога дазваляў сабе панiбрацтва. Яшчэ ямчэй размахваўся прадаўгаватым i гнуткiм вiшнёвым пугаўём, манiпуляваў iм так, каб вуж пугi, асаблiва той цяненькi, зьвiты з адборнае пянькi кончык яе, з тонкiм посьвiстам гвалтоўна рэзаў паветра. Ляскат войстрым рэхам трывожыў суседнi бор, а пастушок пiльна надслухоўваў ягонае водгульле.

Калi-б хлопчык ведаў модныя словы, то мог-бы сказаць, што той цянюсенькi кончык пугi, па-майстэрску зьвiты бацькам з пазычанай цi купленай у кагось пянькi, меў дэмаралiзуючыя для статку ўласьцiвасьцi. Вядома-ж, выяўлялiся яны адно пры ўмелым карыстаньнi пугай Януком. Бо што, — мяркаваў Янук, — варта была пуга безь ягонае спрытнае рукi? Нейкi, званы пугаўём, вiшнёвы прут з даўгой вяроўкай ды й годзе. Трэба было ўзяць яго спрактыкаванай руцэ, ёмка закiнуць i пасьля гвалтоўна тузануць — адно тады нараджаўся любы ягонаму вуху рэзкi сьвiст-ляскат. Пуга трымала кароваў у послуху. Праўда, быў i верны сябра-памочнiк Тапсiк, цану якому добра ведаў Янук. Ды ўсяроўна, пуга сама сабой. Лясьнi ёй раз-другi, i глядзi, як стрыжэ вушамi статак, ведаючы, што малы гаспадар на воку яго трымае. Таму сьвiст-ляскат i быў для Янука прыемнай i карыснай мэлёдыяй.

Было ўсяго ў статку, старых i маладых, хвастоў зь пятнаццаць. Панаядаўшыся, быццам нехаця, ацярэблiвалiся яны ў ценях вялiкiх вольхаў над канавай. Сонца падкрадалася ўжо за чуб суседняга бору. I не агледзiсься, як вечар на носе.

Янук сачыў, цi пакажацца ў падворку ля хаты шыракаплечая постаць гаспадара ягонага — асаднiка Лазоўскага, цi ня рыпне каля калодзезя журавель. Чуткае вуха ягонае скваплiва лавiла гукi перадвячорнага руху ў падворку, каб угадаць, калi можна рухацца iз статкам пад дом.

Лёганькi ветрык прынёс з-пад балота абрыўкi вясёлае полькi й галасы прыпеўкаў. Янук ведаў, што так рыпела трохрадка ў руках вясковага музыкi Тадэўкi, што сам безьперапынна сыпаў прыпеўкамi й падахвочваў iншых, адно ходырам хадзiла поле. Там дзесь грамадою польнымi межамi з Тадэўкавага хутару йшлi ў вёску ладзiць iгрышча. Як магнiт, ствараючы навокал весялосьць i падганяючы адсталых, прыцягвала трохрадка да сябе моладзь. Вялiкай грамадой увалiцца яна ў раней дамоўленую хату ды кiнецца ў скокi. Тымчасам iшлi, гарлапанiлi, склiкалi iншых, задыхаўся-рыпеў гармонiк. Перакiнуўшы цераз плячо цымбалы, клыпаў ля Тадэўкi невялiкага росту цымбалiсты Язэпаў Пецька.

Жвавей захадзiлi босыя закарэлыя Януковы ногi, i карцiла яму ўжо бегчы туды, дзе, як ведаў добра, у хвасьце старэйшых цягнулiся ўвiшныя падшыванцы-жэўжыкi, што пасьля цэлы вечар будуць шнырыць каля йгрышча, займаючыся сваiмi зусiм непразаiчнымi справамi.

Запавядалася шумнае й люднае купальскае йгрышча. Сяньня было Яна. Людзей зь кiрмашу налезе процьма, папрыходзяць iз суседнiх вёскаў i засьценкаў. Цi пусьцiць яго гаспадар? — мяркаваў Янук.

Калi прыгадаў, што сталася, вялiкi жаль ахапiў iзноў Янука ды п'яўкай смактаў у грудзi. Дзень сьвятога Яна — той самы дзень, калi быў вялiкi рэлiгiйны фэст пры царкве ў Гацях, — гэта-ж па праву было ягонае сьвята, ягоныя ймянiны. Цярплiва чакаў яго хлопчык ад пачатку вясны — значыцца, ад часу, калi пачаў ганяць на поле статак. Абяцаў яму сёлета Лазоўскi вольны дзень ды шчэ й пяцьдзясят грошаў, каб забавiўся на фэсьце — з тэй умовай, што добра пiльнавацьме статак i сёе-тое ля гаспадаркi паможа. Гэнае «сёе-тое» складалi дробныя працы й паслугi, што не належалi да ягоных штодзённых абавязкаў.

Падахвочаны абяцанкаю, хлопчык пасабляў асаднiку, як роднаму бацьку. Летась-жа на фэст пусьцiў, хоць адно пяць грошаў даў. Кагадзе прыабяцаная пяцьдзясятка здалася Януку прост-напраст невядома якiм вялiзным капiталам. Нiколi ў жыцьцi ня меў так многа ў сваёй часта дзiравай кiшэнi, хоць i даводзiлася бачыць у чужых руках. Колькi-ж гэта марозiва, шакаляду, ляманяды й цукеркаў спажываў ужо ў сваiм уяўленьнi Янук. Мроiлася часамi, што палову тавараў у Жыдоў-крамнiкаў за тыя грошы адкупiць. Вось дзе паласуецца! цешыўся пастушок. Ды й ласавацца-ж будзе не абы як, але абавязкова на воку ў сваiх сяброў — канечне, каб бачылi, зайздросьцiлi й аблiзвалiся, асаблiва-ж доктаравы Ўладзiк i Стась. Цi раз iм ужо iм пра тое хвалiўся.

Ажно чорту нямытаму нешта ў галаве перакулiлася. Насупiўшыся, швэндаўся ўчора, не дазволiў нават на купальскую ноч у сяло да бацькоў зьбегаць, ды потым iз моладзьдзю ля вогнiшчаў i вады пазабаўляцца, папарацi кветкi пашукаць. Варажыла на нядобрае. Сяньня на досьвiтку, быццам i гаворкi пра тое сьвята й абяцанкаў нiякiх не было, устрэў яго асаднiк i загадаў статак выганяць. Аб падмене й грашох — нi слуху, нi духу. Ледзь асьмелiўся хлопец адчынiць рот, як пан накiнуўся на яго з лаянкай i пагрозамi. Нават тое марнае сьнеданьне камяком у горле засела. Колькi-ж паплакаў хлопчык на полi. Жалем разьпiралi ягоныя грудзi царкоўныя званы, што клiкалi да сябе. Заплыўшымi слязьмi вачыма сачыў ён моладзь i старэйшых, што праз Гараватку й празь лес iшлi ў Гацi. Спачатку нават наважыўся быў кiнуць статак, плюнуць на асаднiка й увесь яго нялюбы род ды пабегчы дадому. Адно як прыгадаў хатнюю галечу ды й тую магчымасьць, што бацька можа вылупцаваць i назад за руку прывесьцi (было ўжо раз i гэтак), тады й думкi з галавы вытурыў.

Трэцi ўжо год пасьвiў Янук Бахмач Лазоўскага статак. Мог-бы ўжо й кiнуць, калi-б ня тая прага да навукi. Кончыўшы пачатковую вясковую школу, мог-бы, як некаторыя iншыя вясковыя падлёткi, бацьку пры гаспадарцы памагаць. Працы хапала. Дык дзе-ж там. Вучыцца яму далей карцiла.

Летась пад вясну тое было. Спытаў бацьку, цi пусьцiць яго наступнай восеньню ў пятую клясу гацкай сямiгодкi. Бацька ня супраць-бы далей сына вучыць, калi-б ня тая вечная нiшчымнiца ў хаце. Хадзiць штодзень за чатыры