Litvek - онлайн библиотека >> Васіль Быкаў >> Советская проза и др. >> Знак бяды >> страница 4
колішнім выбухам насыпцы, завіхаўся дзесятак людзей, згружалі бярвенне з падвод, што тоўпіліся па той бок на дарозе, а на самым абрыве ля разварочаных паляў і бэлек стаяла некалькі мужчын у незнаёмай вайсковай форме са зброяй. Адзін з іх у шызай казыркастай шапцы нешта паказваў ад сябе ў бакі то левай, то правай рукой і тлумачыў, іншыя заклапочана азіралі рэшткі разбуранага моста, і яна раптоўна з нечаканым страхам уцяміла: то ж немцы!

2

«Што будзе? Чаго чакаць ад немцаў? Дзе нашы, і калі настане канец гэтай калатнечы?» — паныла думаў Пятрок.

Балючых гэтых пытанняў было шмат, і, не знайшоўшы адказу на іх, нельга было вызначыць для сябе, як жыць далей, на што спадзявацца, чым жыць сёння. Але, мабыць, марна было ламаць галаву і думаць, мабыць, нічога не ўдумаеш, і трэба прымаць тое, што нарыхтаваў табе лёс.

Але ўсё роўна думалася, бо клопат гэты ржавым цвіком тырчэў у галаве ўжо колькі часу, ці не з пачатку вайны, і адчапіцца ад яго не было магчымасці.

Між тым не сказаць, каб на хутары стала так ужо кепска, каб нават што-небудзь асабліва змянілася пад новай, нямецкай, уладай, усё быццам заставалася, як і раней: заўсёдным чынам рупіў звыклы восеньскі клопат пра хлеб, была кароўка, гадаваўся ў хляўку падсвінак, на падворку сноўдалі куры. Быў сякі-такі харч: капуста і бульбачка ў гародзе, у пуньцы пры сцяне ляжала са тры капы жыта — пад восень нажалі на пакінутым калгасным полі. На стале быў хлеб, і нават лепшы, чым калі дагэтуль, а бульбы можна б і яшчэ падкапаць — вунь яна на Галгофе, калгасная, цяпер нічыя. Высялкоўскія бабы паціху капалі сабе, каторыя спрытныя, не чакаючы якога дазволу, самі сабе ў прыклад. Яму б таксама не шкодзіла прыцягнуць мяшэчак ды засыпаць у капец на гародзе, які ён ніяк не мог акапаць за тыдзень. Сцепаніда наказвала сёння скончыць, прывядзе карову — зноў будзе сварка. Але ні да якой работы ў яго не ляжала душа, галава была занята зусім іншым клопатам, Пятрок нудзіўся, бясконца дыміў самасейкай і то сядзеў на ўслончыку пры парозе ў сенцах, то няўцямна сноўдаў, як хворы, ля хаты.

Увага яго, аднак, ні на чым не спынялася, усё навакол было звыклае і даўно знаёмае. Ды і дзіва што: тут ім пражыта дваццаць гадоў жыцця — нялёгкага, у працы, нястачы і клопатах, але іншага, мабыць, не будзе, ды і гэта ўжо ідзе на закат, у старасць. Можа б, як і дабыў свой век не ў сытасці, дык хоць у спакоі, каб не гэта вайна.

Апошнім часам пасля дажджоў узялася ў рост мурава ля плота, і Пятрок, тупаючы па ёй, усё спыняўся і азіраў падворак. Шмат год ён тут быў гаспадар, а цяпер глядзеў на ўсё быццам чужымі вачыма, быццам ён куды ад'язджаў, развітваўся, і яму было шкада ўсяго. Хата не сказаць каб новая, але дзерава папалася некалі добрае, смаляная хвоя, бярвенне на сценах трохі патрэскалася, але нічога. Хата яшчэ пастаіць. Страху ў вільчыку трэба б як-небудзь залапіць, ля коміна ад самай вясны цячэ, калі дождж, таксама як і ў істопцы, што цераз сенцы, пад адным з хатай дахам. У істопцы дык ліе добра ў дождж, на гліністым доле тады збіраецца лужына, і Сцепаніда лаецца: не дабярэшся за лета атуліць дзірку. Але во не дабярэшся, то тое, то гэта, а галоўнае — няма жаднай ахвоты цягнуць свае косці на страху па драбіне, усё думаецца: перастане дождж — высахне. А то патрывожыш гнілую салому — пачне ліць болей, чаго хацець ад тае будыніны, якой ці не сто, можа, гадоў — ставілі, глядзі, яшчэ ці не за паншчынай. А істопку, можа, і яшчэ раней. Страха на ёй, колькі памятаў Пятрок, зелянела пад цэлаю шапкай моху, у маленькім, на адну шыбку, акенцы бліскала таксама зеленаватае ад старасці шкельца. Зрэшты, шкельца куды маладзейшае за істопку, якую некалі палілі па-чорнаму, у акенца ішоў дым; у цёмным куце яшчэ і цяпер смярдзіць застарэлым гарам чорная печ-каменка.

Самая, можа, спраўная тут будыніна — новая пунька пры хляве. Праўда, з выгляду не дужа самавітая, сяк-так складзеная з тонкага яловага вярталля, у сценах спрэс шчыліны, але для пуні гэта не хіба: вецер прадзімае, а дождж не мочыць. Ладзілі яе некалі з Федзькам, думалася: калі не самому, дык, можа, спатрэбіцца сыну. Адслужыць у войску, ажэніцца, будзе ў Яхімоўшчыне. Усё ж сядзіба не самая кепская і ў здатным месцы — наводдаль ад вёскі і непадалёк ад мястэчка — жыць можна. Ды дзе цяпер Федзька?.. А ў пуньцы жытнія снапкі сохнуць на ветры, чакаюць свае пары. Часам ён зніме зверху два-тры сушэйшыя ды абтрасе ў сенцах на коўдры. Змалоўшы на жорнах, Сцепаніда спячэ пару боханаў хлеба — ці многа на дваіх старых трэба?

Пятрок азірнуў па-над плотам восеньскі шэры абшар з бульбай да самага лесу, падышоў да калодзежа. Унізе ў чорным прадонні зруба блішчэла пляма вады — цяпер яе набіралася шмат, не тое што ўлетку. Вада ў калодзежы была смачная, заўжды сцюдзёная і чысцюткая, як сляза. Гэткай вады не было тут нідзе, нават у Выселках, дзе мелася аж восем калодзежаў. Некалі, казаў пан Адольф, тут бруяла крынічка, можа, таму і асталявалася тут сядзіба Яхімоўскіх, на пагорку пры рове. Хто б ні напіўся з калодзежа, заўсёды хваліў ваду. Гадоў восем назад замест старасвецкага асвера Пятрок прыладзіў да зруба калаўрот з ланцугом, зрабіў дашак, каб не лілося ў дождж. Яшчэ трэба б зрабіць накрыўку, каб не сыпалася што з падворка. Але ён думаў: і так будзе добра. Што там насыплецца? Хіба ветрам занясе часам ліповага лісту, якім па восені засыпала дарогу, бульбянішча ды і ўвесь падворак. Ліпы дужа разрасліся абапал варот на прыволлі, няма рады, і ўлетку атуляюць ценем ледзь не палавіну гарода. Сцепаніда ўсё каркае: абсячы, але ў яго на тое не паднялася рука — як сячы такое хараство прыроды? Не ён іх саджаў, саджалі людзі, ліпы раслі тут пры ўсім ягоным жыцці — ці гожа гэта скараняць людское? Хай растуць.

Ён пастаяў ля калодзежа, зірнуў на гасцінец за нівай, дзе нядаўна яшчэ відаць была Сцепаніда з каровай, але цяпер Сцепаніды не было відно. Мусіць, пагнала ў параснікі. Час яшчэ быў не позні, да вечара гадзіны дзве папасе, а як прыгоніць карову, тады ён, хоча ці не, змушаны будзе ўзяцца за працу. Тады ўжо прыйдзецца цягаць ваду, мыць парсюку бульбу, таўчы крупы. Тады ўжо не пабудзеш сам-насам з думкамі ў цішы — Сцепаніда не дасць пагультаіцца.

Пятрок зладзіў з рудога кавалка газеціны велікаватую самакрутку, старанна завязаў скураны капшук са скуранымі ж завязкамі-жыламі; прыкурыць, аднак, трэба было ісці ў хату, шукаць вугалёк у прысаку. Недзе было трохі запалак, але Сцепаніда іх прыхавала, ашчаджаючы на які выпадак. Ведама, цяпер дзе возьмеш запалкі? У мястэчку ўвесь гандаль скруціўся, дзве лаўкі ўлетку яшчэ расхапалі людзі, як ашалелі тады, і, пакуль нямецкая ўлада чухалася, нічога не засталося ні ў сельпо, ні ў сельмагу. Ён таксама хадзіў разы два (Сцепаніда пагнала), ды