Litvek - онлайн библиотека >> Іван Мележ >> Советская проза >> У гарах дажджы >> страница 3
Яму прыгадалася глеістая лагчынка раўчака, што была між канавязямі і палаткамі. Яе можа затапіць, і тады вада адрэжа канавязі ад лагера…

Макоўчык подбегам падаўся ў той бок, дзе была лагчына. Мінуўшы звыклы хмызнячок, ён ледзь не ўваліўся ў ваду — па раўчаку рушыла, бурліла незнаёмая рэчка. І хоць яна, ведаў салдат, была неглыбокая, з'яўленне яе ззаду канавязей, да якіх падступала папаўнелая рака, занепакоіла Макоўчыка.

Разважаючы, што трэба рабіць: клікаць дзяжурнага, узнімаць трывогу ці чакаць, як будзе далей, ён успомніў Запару, і гэты ўспамін нібы астудзіў. Вядома, памкамузвода, даведаўшыся, што занепакоіла Макоўчыка, гляне зняважліва на яго і кальне: аказваецца, і ён, Макоўчык, можа быць часам паваротлівы. Нават не ў меру паваротлівы. Ручая напалохаўся!..

Азірнуўшы цёмнае, зацягнутае воблакамі неба, Макоўчык падумаў, супакойваючы сябе: «Хутка пачне развідняцца. Каб не хмары, то ўжо, напэўна, святлела б».

Ну, а калі дзень недалёка, то можна і пачакаць — нават калі рака і выйдзе з берагу, удзень лягчэй будзе дайсці да ладу.

Ён вярнуўся да канавязі. Неўзабаве да яго падышоў дзяжурны па канюшні, малодшы сержант з узвода ўпраўлення дывізіёна. Ён, адчуў Макоўчык, быў таксама занепакоены разлівам, што наступаў на бераг.

— Вось чорт, падняло яе. Адкуль толькі вада бярэцца, а? — Ён пазяхнуў: мусіць, перарвалі сон. — Не паплывём мы, а?

Сержант гаварыў па-прыяцельску, адкрыта, адносіўся да днявальнага нібы да старэйшага, і Макоўчыку гэта падабалася.

— Ды я вось таксама думаю, каб не паплыць… — шчыра прызнаўся Макоўчык.

— Трэба, мусіць, да дзяжурнага па часці пайсці, параіцца, а?

— А што ж, таварыш малодшы сержант, пайдзіце, далажыце. Ён там далей ад рэчкі, не ведае ўсяго.

— Я таксама думаю… Значыцца, пайсці, а?

— Толькі глядзіце, раўчак заліло. Асцярожней…

— Перайду! Ну, трымайся!..

Малодшы сержант прапаў у цемры. Макоўчыку ўспомнілася, што гаварылі пра сержанта ў батарэі: «добры, дружалюбны, толькі трохі дзіўны, — усё распытваецца, сумняваецца», згадалася, што ўсе між сабою завуць яго «настаўнік-чарнігавец». Сержант, ведаў Макоўчык, усяго з паўгода, як прыйшоў у армію з Чарнігаўшчыны, дзе працаваў настаўнікам. Думкі пра малодшага сержанта хутка без следу адплылі. Макоўчык стаў прыслухоўвацца да цішыні, што панавала ў баку лагера: яна ўгадвалася, нягледзячы на гул ракі і аднастайную нуду дробнага дажджу. Там было спакойна. Усе спалі, не ведаючы, што з кожнай хвілінай рака падступае і падступае.

Ён заўважыў, што пад нагамі стала больш хлюпаць. Гэта былі ўжо не дажджавыя лужы…

Нарэшце непадалёк пачуліся, перабіваючы шум ракі, першыя камандныя галасы, і амаль тады ж прабег дзяжурны малодшы сержант. Не спыняючыся, ён крыкнуў Макоўчыку:

— Зараз знімемся адсюль!

Салдаты з лагера прыйшлі не адразу. Макоўчык здагадваўся, чаму яны затрымліваюцца, мусіць, разбіраюць палаткі; значыцца, лагер таксама знімецца. Ён стаў рыхтавацца да «паходу», шкадуючы, што не можа дабегчы туды: трэба было б узяць ранец, вінтоўку, шынель, — Халюта, напэўна, не здагадаецца прынесці. Не прынясе, і да таго ж яшчэ сам чамусьці марудзіць. Чаго ён там, гэты спявучы пстрыкун, важдаецца?!

Ён спаткаў Халюту няветліва. Хмурна ўзяў ад яго вінтоўку і рэчы, але ўсхваляваны Халюта не заўважыў гэтага.

— Лагер, Мак, затапляе! У крайніх буданах — вада ледзь не да нар. Там жа ніжэй!.. Устаюць — і проста ў ваду — боўць! Дзіва!..

Халюта гаварыў так, нібы радаваўся. «Пустазвон! Знайшоў з чаго смяяцца!» — падумаў Макоўчык, ускідаючы на павозку падмочаныя цюкі сена.

— Падбяры папоны! Палічы!

Недзе каля лагчыны пачуўся галасок Запары. Яшчэ нявідны, здалёк, памкамузвода крычаў: «Разабраць, асядлаць коней! Ехаць у парк, па гарматы!» На канавязі пачалася мітусня, у якой кожны з артылерыстаў рабіў толькі яму відную ў цемры справу. Чуліся воклічы, пытанні, лаянка.

— Дзе сядло?! — пытаўся хтосьці нецярпліва.

— Стой! Чаго ты, д'ябал худы, круцішся! — пакрыкваў другі на каня.

— Халюта і Макоўчык! — гукнуў Запара. — Канавязь разбіць каля лесу. Над шасэ.

— Ёсць, каля лесу, над шасэ! — стрымана прамармытаў Макоўчык.

— Авёс і сена не забудзьце! — У апошніх словах яго Макоўчыку пачулася насмешка. Халюта супакоіў памкамузвода:

— Не забудзем.

Макоўчык, які запрагаў каня, не адказаў. Ён моўчкі ўзлез на фурманку, на мяхі аўса і цюкі сена і, сказаўшы Халюту, каб і той паглядзеў, ці не забылі чаго, каб падабраў усё, шмаргануў лейцамі.

Амаль усюды на дарозе пад конскімі капытамі плюхала вада. Калі ж коні, храпучы, неахвотна пайшлі ў раўчак, яна адразу падступіла аж да скрынкі павозкі.

Пачынала трохі развідняцца, і было відаць, што там, дзе нядаўна ішлі рады буданоў, толькі бязладна ва ўсе бакі тырчалі дручкі ды холадна шарэла ручаінамі і затокамі вада. Выйшаўшы з берагоў, рака затапіла раней непрыкметныя нізінкі, нарабіла луж, разлівала іх, злучала ў азёры, што на дзіва хутка шырыліся.

Там, дзе дарогі з берагу сыходзіліся ў адну і ўздымаліся на шасэ, Макоўчыку давялося прыпыніцца. Па дарозе ўзыходзілі ўпражкі з горнымі гарматкамі, са скрынкамі з боепрыпасамі. Коні, мокрыя, з глянцавіта-бліскучай шэрсцю, напружваліся, выцягвалі ўпарта шыі, ездавыя размахвалі лейцамі і пакрыквалі то пагрозліва, то падбадзёрліва. Ехалі гарматы з суседняй, другой батарэі.

Макоўчык перачакаў іх і выкаціў таксама на шасэ. Павозка лёгка застукацела па гладзенькім, роўным асфальце, коні пайшлі весялей. Праз паўсотню крокаў Макоўчык звярнуў з шасэ і следам за гарматкай са сваёй батарэі, што ўзбіралася па свежай каляіне, наўскасяк, на даволі круты схіл, стаў таксама падымацца на гару. Коням цягнуць было цяжка, і ён злез з павозкі, пайшоў побач, адной рукой падпіраючы скрынку. Павозка ішла, нахіліўшыся набок, і колы раз-поразу саслізгвалі з абадранага мокрага грунту і спаўзалі, грозячыся падмяць яго.

У адным месцы павозка спынілася: змораныя коні не цягнулі яе, дыхалі цяжка і часта, і Макоўчык даў ім крыху пастаяць. Тут яго нагнаў на кані Халюта, які трымаў некалькі палатняных вёдраў. Макоўчык загадаў яму падсабіць. Папіхаючы павозку ззаду і з ніжэйшага боку, пакрыкваючы на коней, яны рушылі далей і неўзабаве дапалі да таго месца, дзе трэба было разбіць канавязі. Тут ужо ўладоўваліся днявальныя з другой батарэі.

Выбраўшы некалькі сосен ускрай лесу, што коса падымаўся ўгару, знікаючы недзе за схілам няблізкай, невіднай адсюль вяршыні, Макоўчык выцягнуў з павозкі вяроўку і стаў абвязваць яе вакол камля адной крайняй сасны. Адсюль ён працягнуў вяроўку да другой сасны, потым абвязаў вакол трэцяй. Халюта дапамагаў яму, увесь час расказваючы пра розныя праявы