Litvek - онлайн библиотека >> Іван Мележ >> Советская проза >> На скрыжаванні

Іван Мележ На скрыжаванні

Цягнік спыняўся.

Усё павольней стукалі колы пад падлогай. Цішэй і цішэй плылі будынкі за вокнамі. Людзі замітусіліся, заспяшаліся так, быццам неспадзеўкі здарыўся пажар, і праз момант амаль увесь вагон, з мяшэчкамі, чамаданамі, клункамі, ужо тоўпіўся каля дзвярэй.

Яна таксама заспяшалася. Завязала звыкла, па-вясковаму, хустку, узяла круглы фанерны чамаданчык і пачала праціскацца да выхаду.

На пероне былі яшчэ большая мітусня, шум і неспакой, і яна разгубілася. Як бы чакаючы падтрымкі, жанчына нейкі час стаяла нерухома, азіраючыся па баках. Вочы яе, па-старэчаму выцвілыя, цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея, — яна кагосьці выглядвала ў незнаёмым натоўпе.

Калі перон сціх, апусцеў, старая, маленькая, з храшчаватым носам, абпаленым сонцам, у просценькай суконнай жакетцы і кірзавых ботах, услед за апошнімі пасажырамі выйшла на прывакзальную плошчу. У нейкага сустрэчнага жанчына нясмела запыталася, дзе знайсці вуліцу Рэволюцыйную. Чалавек буркнуў у адказ, што ён праезджы і нічога тут не ведае.

Ёй параілі даведацца ў міліцыянера, што стаяў па другі бок плошчы каля круглай шкляной будкі. Краем тратуара старая нясмела падышла да гэтай дзіўнай збудовы, падобнай на казачна вялікую шклянку. Міліцыянер ужо сядзеў у «шклянцы». Старая знакамі папрасіла яго выйсці і, калі ён вылез са «шклянкі», запыталася, дзе тут знайсці вуліцу Рэвалюцыйную.

— Рэвалюцыйная тут недалёка, грамадзянка, — аглядваючы яе, павучальна, тонам настаўніка, адказаў міліцыянер. — Вось пройдзеце па гэтай вуліцы квартал, потым налева квартал — адзін, потым другі. Трэцяя вуліца якраз і будзе ваша.

Яна падзякавала, намерылася ўжо ісці, але, хвіліну павагаўшыся, прамовіла няўпэўнена:

— Скажыце, добры чалавек, а можа, вы ведаеце часам Кульбіцкага Трахіма?..

— Кульбіцкага? — перапытаў міліцыянер. — Ведаю аднаго такога. На Рэвалюцыйнай якраз жыве. Трахім Андрэевіч зваць?

— Трахім!.. Трахім Андрэевіч, — паправілася ўзрадавана старая.

Ёй захацелася з вясковай простасардэчнасцю расказаць, хто яна Трахіму і чаго едзе, але міліцыянер, відаць, не меў ахвоты ўдавацца ў лірыку, — ён казырнуў старой і павярнуўся да «шклянкі». Яна не пакрыўдзілася на гэту няветлівасць, — старая адчувала сябе шчасліваю. Вось і знайшліся сляды сына!..

Цяпер яна ішла па гораду ўжо з інакшым настроем: яна нібы бачыла яго поруч з сабою, свайго Трахіма. Ён нібы вёў яе па гэтым шумлівым тратуары. Чуючы яго поруч, яна спакайней пазірала навокал, на ўсе цуды і дзівы вірлівай незнаёмай вуліцы. Яна акідвала позіркам стракатую аздобу вітрын, зацікаўлена праводзіла вачыма тралейбусы, дзівілася мноству народу на вуліцах, чысціні тратуараў, вопраткам і кволасці жанчын.

За ўсё сваё жыццё ёй не даводзілася быць у такім вялікім горадзе. Яна жыла сярод лясоў і палёў, у ціхай вёсачцы. Адразу за хатамі там пачыналіся зараснікі хвойніку, за якім наводдалек было балота, аксамітны, заўсёды зялёны луг; з аднаго боку да хат падступала разлеглае поле, на якім, як і ў лесе, ёй усё да самай малой драбніцы было знаёма. Ганна або Андрэіха, як яе звалі суседзі па імені нябожчыка-мужа, неахвотна і рэдка пераступала гэты звыклы ёй абсяг. Амаль усё, што трэба было, ёй маглі даць у суседняй вёсцы, дзе быў сельсавет, — там яна магла купіць, што трэба, узяць даведку, схадзіць да доктара. Была яна многа разоў у райцэнтры, разоў пяць у Бабруйску, але ні раённы гарадок, ні нават Бабруйск ніяк не маглі раўняцца з гэтым агромністым, такім неспакойным горадам.

Яна ступала на вуліцы, што перабівалі ёй шлях, кожны раз з асцярогай. Ці з аднаго, ці з другога боку імчаліся да яе аўтамабілі, і яна непакоілася, як бы каторы з іх не зачапіў.

Але ўсё абышлося добра. Неўзабаве жанчына ўжо ўваходзіла на двор таго дома, дзе жыў Трахім. Дом быў невялікі, стары, на два паверхі, ашаляваны на другім паверсе дошкамі, пацямнелымі ад дажджоў і часу. Убачыўшы непадалёк маладога чалавека ў міліцэйскай форме, старая запыталася, ці не ведае ён, дзе тут жыве Трахім Кульбіцкі.

— Ведаю, — адказаў смуглявы, загарэлы, чорнабровы, падобны на грузіна хлопец. — Вось у гэтыя дзверы, на другі паверх. — Яна ўжо намерылася была падацца туды, але хлопец папярэдзіў: — Яго зараз дома няма. На пасту ён…

— А-а, — пашкадавала старая.

— А вы, дазвольце, хто яму будзеце?

— Маці.

— Чаго ж ён не сустрэў вас? Дзіўна проста…

— Ён не ведаў, што сёння…

Хлопец запрасіў яе да сябе ў пакой, пазнаёміў са сваёй жонкай. Ён пажартаваў, што каб Трахім быў жанаты, то ёй, маці, не давялося б прыйсці да пустога пакоя, параіў жаніць сына. Міліцыянер амаль адразу ж падаўся па нейкіх сваіх справах, і старая Ганна засталася ўдваіх з жанчынаю, маладою, поўнацелаю, з бялявымі, гладка зачэсанымі назад валасамі. Яна была прыкладна ў сярэдзіне цяжарнасці, хадзіла мякка, перавальваючыся з боку на бок, як гусыня. Гаспадыня аказалася простаю і ветліваю, і старая неўзабаве адчула сябе як дома.

Піла чай, апавядала пра тое, які быў Трахім маленькі, як дабіралася сюды.

— От, шкада, што не застала! — уздыхнула раптам старая, перапыніўшы сваю гаворку. — А можа, пайсці туды можна, да яго, паглядзець?

— Ды чаму ж не? Ён на вуліцы стаіць, на скрыжаванні… Усе глядзяць. Толькі вы не спяшайцеся. Ён, мусіць, хутка зменіцца.

— Карціць мне, донечка. Даўненька не бачыліся, — прамовіла старая, просячы вачыма. — Можа б, правяла?

Гаспадыня згадзілася, і старая, пакінуўшы чамаданчык, заспяшалася на вуліцу.

Ідучы поруч з жанчынай, старая думала пра Трахіма, думала пра яго жыццё, пра свае даўнія клопаты і скруху… Думкі пра Трахіма заўсёды абуджалі ў ёй трывогу. Не адзін Трахім быў у яе, але шасцёра другіх дзяцей матчына сэрца мала непакоілі, — не таму, што яны менш дарагімі былі яму, а таму, што жыццё ў іх ішло роўнае, яснае. Два старэйшых сыны ажаніліся, дочкі павыходзілі замуж, яна ўжо мела ўнукаў. Усе жылі каля яе, на прыглядзе, хаты іх стаялі амаль побач, і не мінала такога дня, каб яны не бачыліся, не мінала такой падзеі ў іх жыцці, якой яна не заўважыла б. Была і ў іх свая скруха, няўдачы, але часовыя, а наогул усё ішло як звычайна, як у другіх людзей.

У Трахіма жыццё не ладзілася. Толькі тры гады правучыўся ў школе, як найшла, напала вайна, — давялося хавацца па лесе, па балоце. У апошні год Трахім ужо вінтоўку насіў, у партызаны падаўся, рослым быў, чубок адпусціў нават. І калі вайна сышла, у школу вярнуўся неахвотна. Правучыўшыся год, паехаў на лесанарыхтоўкі, потым перабраўся ў горад. Ад таго часу і пачалося тое жыццё, якое заўсёды трывожыла яе. Кім ён толькі не быў, якой працы не паспрабаваў — нідзе не затрымліваўся
Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Неизвестный псевдоним Бога [Юлия Ефимова] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Это началось не с тебя [Марк Уолинн] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Академия (не)красавиц [Иринья Коняева] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Полуночная роза [Люсинда Райли] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Красный кардинал [Влада Ольховская] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Социализм без ярлыков. Третий Рейх [Андрей Геннадьевич Борцов (Варракс)] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Сердце из стекла. Откровения солистки Blondie [Дебби Харри] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Нелюбимая дочь. Вопросы и ответы [Пег Стрип] - читаем полностью в Litvek