Litvek - онлайн библиотека >> Джон Стэйнбек >> Роман и др. >> Гронкі гневу >> страница 149
знайшла, — адказала Руці і наляпіла сабе на лоб другі пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.

— Дай мне, Руці, адзін, ну дай! — Уінфілд працягнуў руку, каб вырваць у яе кветку, але прамахнуўся, і Руці заляпіла яму аплявуху. Ён застыў на месцы, потым губы ў яго задрыжалі і да вачэй падступілі слёзы.

У гэты момант падышлі астатнія.

— Ну, што такое? — захвалявалася маці. — Што тут у вас?

— Ён хацеў забраць у мяне кветку.

Скрозь слёзы Ўінфілд сказаў:

— Мне толькі адзін пялёстак… Я таксама хачу на нос.

— Дай яму, Руці.

— Няхай сам знойдзе. Гэта маё.

— Руці! Дай яму адзін пялёстак.

У матчыным тоне дзяўчынка пачула пагрозу і перамяніла тактыку.

— На, калі ласка, — сказала яна, прытварыўшыся добранькай. — Толькі я сама табе прыляплю. — Дарослыя пайшлі далей. Уінфілд падставіў ёй твар, Руці наслініла языком пялёстак і балюча прыпляснула яго да носа Ўінфілда. — Ах ты, сволач! — ледзь чутна сказала яна. Уінфілд пакратаў пялёстак пальцам і прыціснуў яго яшчэ шчыльней. Дзеці пабеглі даганяць дарослых. Руці ўжо страціла ўсякую цікавасць да кветкі. — На, бяры, — сказала яна Ўінфілду. — Вось табе яшчэ. Наляпі на лоб.

Раптам справа ад дарогі на рэчку са свістам наляцеў дождж. Маці закрычала:

— Хутчэй! Зараз як ліне! Лезьце праз агароджу. Тут бліжэй. Спяшайцеся! Пацярпі, Разашарна, ужо блізка.

Бацька з маці ледзь не волакам пацягнулі Ружу Сарона цераз прыдарожную канаву і памаглі ёй пралезці праз агароджу. І тут лівень дагнаў іх. Патокі вады абрынуліся на іх. Яны пайшлі па гразкай зямлі і падняліся на грудок. Цёмнай адрыны амаль не было відаць за шчыльнай завесай дажджу. Ён свістаў і гучна плюскатаў, і парывы ветру гналі яго перад сабой. Ружа Сарона раптам паслізнулася і павісла на чужых руках.

— Бацька, можа, ты яе данясеш?

Бацька нахіліўся і падхапіў Ружу Сарона на рукі.

— Усё роўна ўжо прамоклі, — сказаў ён. — Уінфілд, Руці, хутчэй! Бяжыце наперад.

Цяжка дыхаючы, яны дабраліся да адрыны, якая добра прамокла ад дажджоў, і, пахістваючыся ад стомы, зайшлі пад павець. З гэтага боку дзвярэй не было. На зямлі валяліся ржавыя сельскагаспадарчыя прылады, дыскавы плуг, паламаны культыватар, жалезнае кола. Дождж калаціў па даху і, як полагам, закрываў уваход. Бацька беражліва апусціў Ружу Сарона на запэцканую маслам скрынку.

— Божа літасцівы! — выгукнуў ён.

Маці сказала:

— Можа, дзе тут ёсць сена. Гляньце, вунь дзверы. — Яна расчыніла дзверы, якія зарыпелі на ржавых завесах. — Сена! — закрычала яна. — Ідзіце сюды.

У адрыне было цёмна. Святло прабівалася толькі праз шчыліны ў дашчанай сцяне.

— Кладзіся, Разашарна, — сказала маці. — Кладзіся адпачні. Трэба цябе як-небудзь абсушыць.

Раптам пачуўся голас Уінфілда:

— Ма!.. — але стукат дажджу заглушыў яго словы. — Ма!

— Ну што там? Што табе?

— Глянь! Вунь туды, у кут.

Маці паглядзела ў той бок. У паўзмроку віднеліся дзве чалавечыя постаці — у куце ляжаў на спіне мужчына, каля яго сядзеў хлопчык і вялікімі вачамі пазіраў на прышлых. Потым ён паволі падняўся на ногі, падышоў да маці і запытаўся хрыплым голасам:

— Вы тут гаспадары?

— Не, — адказала маці. — Проста мы хаваемся ад дажджу. У нас хворая. Ці няма ў вас сухой коўдры, каб накінуць на яе, пакуль не прасушым яе адзежу?

Хлопчык пайшоў у свой кут, прынёс адтуль брудную ватовую коўдру і падаў яе маці.

— Дзякуй, — сказала яна. — А што з тым чалавекам?

Хрыплым голасам хлопчык прагаварыў на адной ноце:

— Спачатку ён хварэў… а цяпер памірае з голаду.

— Што?

— З голаду памірае. Захварэў на зборы бавоўны. Шэсць ужо дзён нічога не еў.

Маці пайшла ў кут адрыны і паглядзела на чалавека, які там ляжаў. Яму было гадоў пяцьдзесят. Зарослы шчаціннем худы, нібы абцягнуты скурай твар, адсутны, застылы погляд шырока расплюшчаных вачэй. Хлопчык стаў побач з ёю.

— Твой тата? — запыталася маці.

— Ага… То казаў, есці не хочацца, то — толькі што паеў. Усё мне аддаваў. А цяпер зусім аслабеў. Варухнуцца не можа.

Стукат дажджу па даху цяпер перайшоў у супакойлівае шастанне. На высахлым твары чалавека варухнуліся губы. Маці апусцілася каля яго на калені і падставіла яму вуха. Яго губы зноў варухнуліся.

— Ага, так, так, — сказала маці. — Вы не трывожцеся. З ім усё будзе добра. Пачакайце, я толькі зніму мокрую сукенку з дачкі.

Маці вярнулася да Ружы Сарона.

— Скідай усё, — загадала яна і загарадзіла яе падшыванай коўдрай. Ружа Сарона зняла з сябе ўсё, і маці абкруціла яе коўдрай.

Хлопчык зноў падышоў да маці.

— Я нічога не ведаў. Ён гаварыў, што паеў ці што есці не хоча. Учора позна вечарам я пайшоў, разбіў акно і ўкраў хлеба. Даў яму трохі пажаваць. А яго вырвала, і пасля гэтага ён яшчэ больш аслабеў. Яму каб супу ці малака. У вас няма грошай на малако?

Маці сказала:

— Ты памаўчы, хлопчык. Супакойся. Што-небудзь прыдумаем.

Хлопчык закрычаў:

— Ён памірае, я ж кажу вам! Я кажу вам, ён з голаду памірае.

— Памаўчы, — паўтарыла маці і паглядзела на бацьку і дзядзьку Джона, якія разгублена і бездапаможна пазіралі на нямоглага. Матчыны вочы на момант сустрэліся з вачамі дачкі, потым зноў іх позіркі сышліся. І абедзве жанчыны глыбока зазірнулі ў душу адна адной. Ружа Сарона дыхала цяжка, перарывіста. Яна сказала:

— Добра.

Маці ўсміхнулася:

— Я так і ведала. Я ведала! — Яна апусціла галаву і ўтаропілася на свае моцна сашчэпленыя на каленях рукі.

Ружа Сарона прашаптала:

— Вы… усе вы… выйдзеце?

Дождж цяпер біў па даху з мяккім шапатлівым шумам.

Маці падалася наперад і далонню адкінула зблытаныя валасы з ілба дачкі і пацалавала яе ў лоб, потым рашуча ўстала.

— Пойдзем адсюль усе, — сказала яна. — Пойдзем усе ў павець.

Руці раскрыла рот, каб нешта сказаць.

— Маўчы, — загадала маці. — Маўчы і ідзі. — Яна прапусціла ўсіх міма сябе, павяла з сабой хлопчыка і зачыніла рыплівыя дзверы.

З хвіліну Ружа Сарона нерухома сядзела ў шапатлівай адрыне. Потым цяжка падняла сваё стомленае цела і захуталася ў коўдру. Яна марудна прайшла ў кут і спынілася, пазіраючы на змарнелы твар, на шырока расплюшчаныя спалоханыя вочы чалавека. Потым паволі лягла каля яго. Ён слаба пакруціў галавой. Ружа Сарона адкінула край коўдры і агаліла грудзі.

— Так трэба, — сказала яна, прыціснулася да яго і прыгарнула яго галаву да грудзей. — Ну вось… — прамовіла яна, — вось так… — Рука яе прасунулася яму за галаву, падтрымліваючы яе. Пальцы ласкава гладзілі яго валасы. Яна падняла вочы, скіравала позірк у глыбіню адрыны, губы яе стуліліся і застылі ў таямнічай усмешцы.