Litvek - онлайн библиотека >> Гаўрыіл Траяпольскі >> Детская проза и др. >> Белы Бім Чорнае вуха >> страница 2
перабраў усе кнігі пра паляванне і сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду і потым даказаць, што Бім не вінаваты. Менавіта таму ён пачаў выпісваць у тоўсты сшытак з розных кніг усё, што магло пасведчыць за Біма як за раўнапраўнага прадстаўніка пароды сетэраў. Бім стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзіць Біму пераможцам на выстаўках, не звінець золатам медалёў на грудзях: які ты ні будзь залаты сабака на паляванні, з пародзістых ён будзе выключаны.

Якая ўсё ж несправядлівасць на белым свеце!


Запіскі гаспадара
За апошнія месяцы Бім непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё і трывала заняў у ім сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам і ласкавасцю — пачуццямі, якія заўсёды прывабліваюць, калі за імі не стаіць падхалімства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае — і дабрату, і давер, і ласку. Жудасна гэта — падхалімства. Не давядзі госпадзі! Але Бім пакуль што толькі малышаня і мілы сабачка. І ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара.

Дзіўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калі бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калі ўбачу карціну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас і на пародзістасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць ці не дадуць пасведчанне?

Дзён колькі таму быў у музеі на мастацкай выстаўцы, і адразу ж кінулася ў вочы карціна Д.Бассано (XVI век) «Майсей здабывае ваду са скалы». Там на першым плане сабака — дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, задні кастрэц таксама чорны. Змучаны і худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай міскі.

Другі сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымі вушамі. Знясілены ад смагі, ён паклаў гаспадару на калені голаў і пакорліва чакае вады.

Побач — трус, певень, злева — два ягняці.

Што хацеў сказаць мастак, калі выставіў сабаку на пярэдні план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзі любілі сабак яшчэ спрадвеку, ніколі іх не пакідалі, нават у бядзе, нават на грані пагібелі народа, а сабакі заставаліся верныя і адданыя, гатовыя загінуць разам з чалавекам.

А за хвіліну да гэтага ва ўсіх быў адчай, ні ў кога не было ні кроплі надзеі. І яны гаварылі ў вочы Майсею, які выратаваў іх ад рабства:

«О, каб памерлі мы ад рукі госпада ў зямлі эгіпецкай, калі мы сядзелі ля катлоў з мясам, калі нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усіх, хто сабраўся, замарыць голадам».

Майсей з вялікаю горыччу зразумеў, як моцна авалодаў людзьмі дух рабства: уволю хлеба і катлы з мясам даражэй за волю. І вось ён здабыў ваду са скалы. І было на той час добра ўсім, хто ішоў за ім, і гэта адчуваецца ў карціне Бассано.

А магчыма, мастак і намаляваў сабак у цэнтры, як дакор людзям за іх маладушша на пару няшчасця, як сімвал вернасці, надзеі і адданасці? Усё магчыма. Гэта было даўно.

Карціне Д. Бассано больш за трыста год. Няўжо чорнае з белым у Біма ідзе з тае пары? Гэтага не можа быць. Але як сказаць, прырода яна прырода.

Аднак наўрад ці гэта паможа чым-небудзь адвесці ад Біма абвінавачванне ў анамаліях расфарбоўкі цела і вушэй. Таму што, чым старадаўней будуць прыклады, тым больш абвінавацяць яго ў атавізме і непаўнавартасці.

Не, трэба шукаць нешта іншае. Калі нехта з кінолагаў напомніць мне пра карціну Д. Бассано, то можна, у крайнім выпадку, сказаць проста: а якія адносіны да яго маюць чорныя вушы ў Бассано?

Пашукаем звестак, якія бліжэй да Біма ў часе.


Выпіска са стандарту паляўнічых сабак: «Сетэры-гардоны выведзены ў Шатландыі… Парода аформілася да пачатку другое палавіны XIX стагоддзя… Цяперашнія шатландскія сетэры, захаваўшы сваю моц і масіўнасць касцяка, набылі хутчэйшы ход. Сабакі спакойнага, мяккага характару, паслухмяныя і незласлівыя, яны рана і лёгка бяруцца за работу, вельмі спраўныя на балоце і ў лесе… Характэрна добра прыкметная, спакойная, высокая стойка з галавою, не апушчанай ніжэй за загрывак…»

З двухтомніка «Сабакі» Л.П.Сабанеева, аўтара цудоўных кніг — «Паляўнічы каляндар» і «Рыбы Расеі»:

«Калі мы прымем да ведама, што ў аснове сетэра ляжыць самая старажытная раса паляўнічых сабак, якая на працягу многіх стагоддзяў атрымоўвала, калі можна сказаць, дамашняе выхаванне, то не будзем дзівіцца таму, што сетэры ці не самая культурная і інтэлігентная парода».

Так! Бім, значыцца, сабака інтэлігентнай пароды. Гэта можа спатрэбіцца.


З тае самае кнігі Л.П.Сабанеева:

«У 1847 годзе Пэрлендам з Ангельшчыны былі прывезены, у падарунак Вялікаму Князю Міхаілу Паўлавічу, два цудоўныя прыгожыя сетэры вельмі рэдкае пароды. Сабакі нават не прадаваліся і былі выменены за каня, які каштаваў 2000 рублёў…»

Вось табе і на! Вёз падарунак, а садраў кошт дваццаці прыгонных. Але ж ці вінаваты сабакі? І пры чым тут Бім? Гэта не гадзіцца.

З ліста вядомага ў свой час прыродалюба і сабакавода С.В.Пенскага да Л.П.Сабанеева:

«У часе Крымскае кампаніі бачыў я вельмі прыгожага сетэра ў Сухава-Кабыліна, аўтара «Вяселля Крэчынскага», і жоўта-пярэстых у Разані ў мастака Пятра Сокалава».

Ага, гэта бліжэй да сутнасці. Цікава: нават сатырык у тыя часы меў сетэра. А ў мастака — жоўта-пярэсты. Ці не адтуль твая кроў, Бім? Вось бы! Але пры чым тады… чорнае вуха? Незразумела.


З таго ж ліста:

«Пароду чырвоных сетэраў трымаў таксама маскоўскі прыдворны доктар Берс. Адну чырвоную сучку ён злучыў з чорным сетэрам нябожчыка Імператара Аляксандра Мікалаевіча. Якія нарадзіліся шчанюкі і куды яны падзеліся — не ведаю; ведаю толькі, што аднаго з іх выгадаваў сабе ў вёсцы граф Леў Мікалаевіч Талстой».

Стой! Ці не тут? Калі твая нага і вуха чорныя ад сабакі Льва Мікалаевіча Талстога, ты шчаслівы сабака, Бім, нават без асабістага лісціка пароды, самы шчаслівы сабака на свеце. Вялікі пісьменнік любіў сабак.


Яшчэ з таго самага ліста:

«Імператарскага чорнага сабаку бачыў я ў Ільінскім пасля абеду, на які Гасудар запрасіў членаў праўлення Маскоўскага таварыства паляўнічых. Гэта быў вялікі і вельмі прыгожы пакаёвы сабака, з цудоўнаю галавою, добра апрануты, але ад сетэрскага тыпу ў ім было мала; да таго ж ногі меў занадта доўгія, а адна зіх зусім белая. Гавораць, гэты сетэр быў падараваны Імператару нейкім польскім панам, і хадзілі чуткі, што сабака быў не зусім чыстакроўны».

Выходзіць, польскі пан абдурыў імператара? Магчыма. Магчыма гэта і на сабачым фронце. От жа мне гэты чорны імператарскі сабака! Між іншым, тут побач ідзе кроў жоўтае сучкі Берса, якая мела «чуццё незвычайнае і цудоўную кемлівасць». Значыць, калі нават нага твая, Бім, ад чорнага сабакі