Litvek - онлайн библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Эссе, очерк, этюд, набросок >> Зямля пад белымі крыламі >> страница 56
В. Цвіркі, В. Волкава, К. Красоўскага, А.Кішчанкі, М. Савіцкага, М. Данцыга, Г. Вашчанкі і многіх-многіх іншых вядомы далёка за межамі рэспублікі. У нас цудоўныя афарміцелі кніг, яны ж і першакласныя графікі. Назаву толькі А. Кашкурэвіча, В. Шаранговіча, Н. Паплаўскую, А. Паслядовіч, А. Лось, Э. Агуновіча, Б. Заборава, У. і М. Басалыгаў, І.Капеляна.

Імя ім — легіён. Як і архітэктарам, музыкантам, паэтам, мастакам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такая ўжо наша зямля. Шмат беларускіх кніг, што выдадзены цяпер, можна лічыць творамі мастацтва. Іх хочацца не толькі чытаць, але і глядзець.

Поспехі скульптуры таксама значныя. Не кажучы пра старэйшых — А. Бембеля (аднаго з аўтараў Брэсцкага мемарыяла), З. Азгура (помнік Я. Коласу яго работы пастаўлены ў Мінску), працуюць маладзейшыя, такія, як І. Міско (помнік І.Буйніцкаму ў Празароках) і С. Вакар. Хутка перад тэатрам оперы і балета стане яго выразны, дужа паэтычны помнік Максіму Багдановічу.

А глыбока рамантычны помнік Янку Купалу А. Анікейчыка?

Пра Купалаўскі тэатр я вам ужо расказваў. Яму нядаўна споўнілася 50 год. Таленавіты калектыў працуе і ў Віцебску ў тэатры Якуба Коласа. Калі першыя пачастуюць агнявой і вясёлай "Паўлінкай", то другія хітраватым і гарэзлівым "Несцеркам". Ёсць у нас тэатр юнага гледача і свой, беларускі цырк. Узнікаюць новыя тэатры — і прафесійныя і народныя.

Што ўласціва нашаму тэатру апошніх год? Чым ён адметны?

Вось чым. З 60-х гадоў на нашай сцэне нібы нейкім жывушчым ветрам павеяла. Вялізная ўвага да глыбінь чалавечай душы, вострыя сацыяльныя праблемы, бязлітасная праўдзівасць у лепшых спектаклях, развіццё лепшых нацыянальных традыцый.

І пры гэтым адмаўленне ад штампаў, пошукі рэжысёраў і акцёраў. І, што, можа, самае галоўнае, зусім іншая па якасці, існа нацыянальная, беларуская драматургія.

Гэта творы К. Крапівы ("Брама неўміручасці"), А. Макаёнка, А. Дзялендзіка, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча.

А колькі выключных па сіле таленту і шчырасці акцёраў прыйшло за апошнія гады ў нашы тэатры!

Кіно… У нас вялікая новая студыя, якая можа выпускаць шмат фільмаў у год. Вы бачылі "Чырвонае лісце", прысвечанае замаху С. Прытыцкага на правакатара. "Альпійскую баладу" і глыбока трагічны фільм "Праз могілкі" пра першыя гады акупацыі, пра гераізм і боль беларускі. Бачылі, мабыць, двухсерыйны фільм па раману А. Адамовіча "Партызаны". Або больш новыя: "Полымя", "Руіны страляюць ва ўпор". Працуе ў нас група таленавітых сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і акцёраў, у тым ліку дзяцей (бачылі, пэўна, фільмы: "Дзяўчынка шукае бацьку" і "Пушчык едзе ў Прагу". У апошнім удзельнічалі і мядзведзі).

Некалькі год назад даганяем мы гэтую кінаэкспедыцыю пад Мазыром, бачу — Пушчык залез у рэфрыжэратар і там лёдам храбошча, ды з такім апетытам: гэта для яго ў спёку, як марожанае для нас. А вечарам, пасля работы, ён атрымоўваў і "прэміяльныя" — мёд.

Развіваецца і музыка беларуская. Шмат створана папулярных песень, опер, сімфоній, камернай музыкі. Твораць вядомыя старэйшыя кампазітары: А. Багатыроў, аўтар "У пушчах Палесся", Ул. Алоўнікаў, першыя такты песні якога "Радзіма мая дарагая" сталі пазыўнымі беларускага радыё, гучаць надзіва меладычныя рамансы і песні А. Туранкова, оперы Ю. Семянякі, балеты Г. Вагнера. А больш маладое пакаленне — Д. Смольскі, С. Картэс і вельмі таленавіты аўтар опернай і балетнай музыкі Я. Глебаў. Або І.Лучанок, песні якога ўсе вы ведаеце, ці адзін з лепшых арганістаў Саюза, кампазітар, музыка якога дзейнічае на слухача вельмі моцна, А. Янчанка.

А хто не ведае ансамбль "Песняры"?

І пошукі ўсіх творцаў нашай музыкі вельмі-вельмі плённыя.

Пра архітэктуру не кажу. Проста, калі вы не мінчане, прыязджайце і пройдзем Ленінскім праспектам, галоўнай вуліцы Мінска, праспектам, праект якога ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Не ўсё, вядома, і тут добра. Але ўсё ж, у асноўным, велічныя новыя гмахі, купалы, шпілі, забраная ў граніт стужка Свіслачы, магутная дуга акадэміі, а на іншых вуліцах і праспектах суцэльныя вертыкалі бетону і шкла.

На жаль, у сталіцы і іншых гарадах Беларусі мала засталося будынкаў 20 — 30-х гадоў. У Мінску гэта Дом урада, манументальны і, адначасова, скульптурны, лаканічны будынак ЦК КПБ, оперны тэатр, які надае цэнтральнай частцы горада такую адметнасць і г. д.

Пасля вайны на месцы амаль знішчанага горада ўзнік новы з яго цікавымі ансамблямі, з сістэмай паркаў у пойме Свіслачы, сістэмай, што так удала пераходзіць у масіў лясоў вакол Заслаўскага вадасховішча.

Не, гэта сапраўды прыгожа! І мастацкі музей, і політэхнічны інстытут у Мінску, і ансамблі Віцебска. А сучаснае будаўніцтва. Жылыя дамы па бульвару Талбухіна ў Мінску і праект забудовы Волатава ў Гомелі, будоўлі на беразе Мухаўца ў Брэсце і жылыя дамы крывалінейнай канфігурацыі ў мікрараёне "Усход-1", Палац спорту ў Мінску і пансіянат (а таксама і гасцініца "Юнацтва") на беразе Мінскага мора. А паглядзіце, як зручна дзецям у дзіцячым садзе па Слясарнай вуліцы (Мінск). Тут табе і светлыя пакоі, і веранды, і нешта накшталт старадаўняй крэпасці для гульняў. А кінатэатры ("Кастрычнік", "Партызан" і "Піянер" у Мінску, "Кастрычнік" у Магілёве-2, "Імя Калініна" у Гомелі)! А смелы будынак гомельскага цырка!

Калі вы станеце дарослыя — яны будуць яшчэ прыгажэйшыя, нашы вёскі і гарады. Вы пройдзеце па іх вуліцах, і вам самім захочацца прыкласці свае рукі, веды і ўмельства да таго, каб зрабіць іх дзівам дасканаласці, а зямлю нашу — найлепшай у свеце зямлёй.

І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і калі будзеце часта жыць "на колах", шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлку Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зуброў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

Я не мог напісаць аб усім і ўсіх, і хай яны мне прабачаць.

І вы прабачце мне за доўгую размову. Калі пачнеш прызнавацца ў любові да самага дарагога — скончыць тое прызнанне амаль немагчыма.

Вы самі ўсё зведаеце, самі