Litvek - онлайн библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Проза >> Маці Ветру

Уладзімір Караткевіч Маці Ветру

Маці беларускай прысвячаю


Прадавалася Радзіма.

Яна прадавалася з беднаю сваёю зямлёй, са старажытнымі пушчамі, з блакітным крышталем рэк і квітнеючымі лугамі, з вадою і небам, замкамі і халупамі, з матчынай ласкай і ўсмешкай дзіцяці, з мудрымі дзядамі і пяшчотнымі дзяўчатамі, з камянямі старажытных будынкаў, з крывавай гісторыяй народа, з яго сучасным і будучым, з яго воляй.

Прадавалася Радзіма.

Яна прадавалася цалкам і ўразбіўку, за грошы і напавер. Прадавалася кожным, хто не ленаваўся, і кожнаму, хто пажадаў бы крывадушнаму другу і крыважэрнаму ворагу.

Даражэй прадаваліся правы феадалаў на ўладу, танней — вера і зусім танна — чыстая, як золата, беларуская мова.

Было кепска. Толькі што адгрымела паўстанне Усця і іншых вёсак на Дняпры і на Сожы. Паслугачы Радзівіла з перапуду сунулі татарам (аднекуль з-пад Мінска) грошы і разам з імі ўзяліся душыць людзей Рыпячага Кола.

Адсячэнне галавы і калесаванне зрабіліся звычайнаю справаю, і маўчанне было глыбокім, а падзенне нізкім. Трупы галоты былі ўсюды: на шыбеніцах, на дне сажалак, у каменных мяшках.

І кожан баяўся сказаць слова.

І ўсё ж такі ўладары калаціліся ноччу, і холад ахапляў іхнія душы, калі ім здавалася, што недзе рыпяць колы мужыцкіх вазоў.

А пад зямлёю, што піла ў апошнія часы не дажджы, а кроў страчаных, нешта рухалася і імкнулася прабіцца на свет і пакуль што толькі шарудзела.

Гэта рос Гнеў.

I


Чалавека баяліся, бо ён ехаў на жылістым і быстрым коніку, быў даволі малады і, відаць, моцны і меў за поясам два пулгакі і цяжкі бязмен з гранчастай галоўкаю.

І ўсё ж ён абмінаў гасцінец, едучы па палявых дарогах, якія танулі ў пыле.

Ад сустрэчных вялікіх “загонаў”-атрадаў ён загадзя хаваўся ў гай або ў хмызнякі, ляпаў каня па крыжы і, калі той звыкла клаўся на зямлю, сядаў поруч, неахвотна жаваў сухары, і твар яго, звычайна вясёлы і разумны, перакрыўляўся грымасай нянавісці.

Міма праляталі чорнай хмарай пад дзікі роў бубнаў смілавіцкія татары на касматаногіх коніках, паволі ехалі панскія загоны, часам ехалі ўзброеныя гайдукі ў чакменях расолавага[1] колеру з рацішчамі[2] і шаблямі. Звычайна такі загон узначальваў паюк[3] з павязкай колеру герба на галаве або нават сам пан у жупане і кунтушы паверх яго.

Шукалі ўцекачоў.

Яны ехалі, апрануўшыся як на свята, важна і спакойна, а ён, сапраўдны гаспадар гэтай краіны, павінен быў даваць ім дарогу і ляжаць у хмызах, як зацкаваны воўк.

Не спяваліся песні, не лез у глотку кавалак хлеба. Чалавек пачарнеў, шчокі яго запалі, твар стаў брыластым.

І мімаволі з яго глоткі вырывалася:

— Пачакайце, дамо мы вам у косці.

Хто быў гэты чалавек, чаго ехаў у напрамку сапраўднага пекла, ачага паўстання, чаго вырушыў, што выгнала яго з хаты, дзе толькі і мог у тыя дні адчуваць сябе ў адноснай небяспецы чалавек? Па твары ён мог быць гараджанінам, па руках — мужыком, па вопратцы — шляхціцам, па бязмену — купцом; па рашучасці, з якою ён ехаў па старой Прапойскай дарозе, гэта быў, ва ўсякім разе, вельмі мужны чалавек — толькі гэта і можна было сказаць напэўна.

Прыцемак гатаваўся агарнуць зямлю, калі ён звярнуў з дарогі і, быццам выгадваючы час, хутка паскакаў на поўдзень, у напрамку да Сожа. Тут ехаць было выгодне: пачыналіся нетры з магутнымі ялінамі, з цэлымі вадаспадамі мхоў, якія ліліся між дрэў, па адхоне. Хавацца было няма чаго, сюды амаль не заходзілі карныя загоны, а разбойнікаў чалавек, відаць, не баяўся: гэта ўсё ж былі “свае”.

Было ўжо цемнавата, калі ён, некалькі разоў зверыўшы па нейкаму шматку лубу свой шлях, выбіўся на закінутую каралеўскую борць.

Палазнікі, што выдзіралі мёд, відаць, год дзесяць не былі тут, і пчолы пакінулі старыя карэнікі, што яшчэ віселі на дрэвах. Капыты каня ступалі асцярожна, на конніка зверху сыпаліся сухія крыльцы пчол (“Мусіць, і куніца-мядоўка гасцявала тут” — падумаў ён).

На галіне дрэва вісеў забыты лубок[4]. Чалавек зняў яго — соты ляжалі там, мёд паспеў зацукравацца і счарнець.

“Вось так і наша краіна, — падумаў чалавек. — Палазнікаў няма, лубкі вісяць пустыя, сапрэлі лезівы, што дапамагаюць бортніку лезці на дрэва, куніцы прагныя ядуць мёд, разляцеліся працавітыя пчолы. Хіба магчыма так жыць? А борць была добрая. Пэўна, не менш як тры мёдніцы мёду за палаз выдзіралі і ў кожнай дванаццаць гарнцаў. Няма жыцця! Вакол кожнага маёнтка “крэс”. Едзеш — плаці грошы. Гандлюеш — бяруць за глотку, бо адбіваеш грошы ў караля. Судзíцца — засудзяць, а выйграеш справу — плаці “паметнае” суду гэткае, што лепш бы прайграў. Сялян-бортнікаў б’юць карбачамі — не рабіце шкоды каралю. Знішчаюць народ!!!”

Невясёлыя думкі раіліся ў галаве чалавека, калі ён ад борці выдзіраўся па ледзь прыкметных засечынах, па закінутых бабровых жэрэмях[5] на ўзлессі. Было ўжо добра поначы, калі дрэвы пачалі радзець і ён пабачыў цьмяную істужку Сожа, лугі і невялічкі хутар, або, лепей сказаць, пачынак, хат на дваццаць, што прыткнуўся непадалёку ад узлесся. Дзе-нідзе міргалі агеньчыкі, цёмныя садкі ахапілі хаткі, ласкавая стаяла ціша.

Але нават гэты мірны малюнак не радаваў конніка.

“Яго хата, як казалі, апошняя злева”.

І ён паволі паехаў вулкаю. Ціхая вуліца беларускай вёскі яшчэ не спала, але як толькі тупат капытоў прагучэў у цішы — шмат што змянілася. Гаснулі агеньчыкі ў некаторых вокнах — мусіць, гаспадары з трывогаю слухалі ўпэўнены стук капытоў, сядзелі ў цемры і чакалі.

Пахла гноем, цёплым малаком.

Коннік адчуў, як нешта зашчыпала яго вочы, цвёрды камяк стаў у глотцы.

“Божа! І да гэтага давесці?!”

З канца пачынка нечакана пачалі даносіцца гукі спеваў. Гэта было дзіка ў такім месцы і ў такі час. Коннік пабачыў вялізную хату, крытую цясінай, каля яе сад і цёмныя плямы нейкіх дваровых будынкаў.

Вокны былі ярка асветлены, на высокую галерэю вакол хаты выляталі часам гукі рогату і спеваў. Да конавязі былі прывязаны коні, стаялі валакі, вазы і котчыя вазкі[6], крытыя зверху.

І раптоўна прыгожы высокі мужчынскі голас вылецеў з акон і паляцеў над пушчаю, над Сожам. Спявалі па-лацінску нейкую песню, накшталт шкалярскай, і яна гучэла язычаскай радасцю жыцця, страсцю і дзёрзкасцю:

Завялося чамусьці папамі,
Што вялікі, як неба, грэх
Дзеці нашы і наша каханне,
Пацалункі, абдымкі і смех.
Я жадаў бы спытаць кардынала,
Як на свеце з’явўся б ён сам,
Калі б Ева яблык не рвала
І калі б разгубіўся Адам?
Чалавек адчуў радасць, бо добра, што можа быці