Litvek - онлайн библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Лирика >> Мая Іліяда >> страница 24
Досыць мне чуць трывогу начную,
І сачыць, і кружляць на шпілі:
Абцяжарваць памяць зямную -
Не найлепшае на зямлі.
Што да снежня вечнаму маю?
Ціха! Сплю! Да сканчэння дзён
Сплю ва ўсім, што ты ёсць, дарагая!
Вечны ўзлёт табе!
Вечны мне сон. 

Безгаловая Венера


Стаю ля яе ў задуменні
І голас пяшчотны чую:
"Прыйдзіце, мужчыны, ад зброі, -
Ўлонне маё сумуе.
Прыйдзіце, мужчыны, ад сечаў,
Ад турмаў, ад страт на світанні.
Адзінае ёсць на свеце:
Сумленне, братэрства, каханне".
І думаю я неадчэпна:
За што ж ты бяду спаткала?
За што галаву ты згубіла?
Якую праўду сказала? 

Medusa Ludovisi ў Рыме


Спіць Эрынія. Ў грозных веях
Цень прароцтва вялікага лёг.
Помства спіць. Касмылёў змеі
У спакоі тояць скачок.
Спіць яна. Бяздумна і глуха.
Сны аб праўдзе і роўнасці сніць...
Ціхі гук:
Будзільнік над вухам
Папярэдзіў, што зазвініць. 

Землятрус


Пад кайданамі гор акіяны гараць,
Там шалёная лава цячэ...
"Не душы мае грудзі, зямная кара!..
Я жывая яшчэ!
Чуеш? Мне абрыднуў каменны прыгон!
Чуеш? Чуеш? У тоўшчы зямной,
Ў нетрах гор уздыхае вялізны гонг
З мора Чорнае велічынёй".
Тут. Тут. Тут. І там. Там. Там.
Гонг грыміць пад зямлёй,
Ракоча тамтам.
Чуйна вушкі наставіў насцярожаны трус.
Набліжаецца землятрус.
Лані горныя пакідаюць бары,
Захлынаюцца ў рэчках язі.
Вось... Вось-вось пакажа вяршыня гары
Небу першы крывавы язык.
Ўскалыхнула мора сваю тугу...
Глей узняўшы, як кроў, руды,
На дрыготкі бераг цунамі бягуць,
Хмарачосы з чыгуннай вады.
Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось,
Нівы моршчацца, мнуцца, нібы абрус.
Землятрус!
Землятрус!
Землятрус!
Свет аглух ад архангельскай страшнай трубы.
Горы крычаць: "Ратуй!"
Ад штуршкоў пад падэшвы ўзлятаюць дубы,
Вежы замкаў у неба лятуць.
Вылятаюць з распяццяў, як кулі, цвікі,
І, гнілы уздымаючы пыл,
У крывавыя хмары лятуць мерцвякі
З праслаўленых хцівых магіл.
Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось.
Разляціцца зямля, як пад доўбняй гарбуз.
Землятрус!
Землятрус!
Землятрус!
Бачыш? Бліскаўкі нараджае туман,
Нарастае, клубіцца імгла, -
Гэта лавай з адгор'яў цячэ гурма
Ў чорнай цемры і ў барве святла.
Іх самбрэра - як хмары над светам сляпых,
Іх мачэтэ - як грозны жах,
І маланкі над імі мігцяць, як сярпы,
А сярпы - як маланкі ў руках.
І зямля трасецца пад іхняй ступой.
Гора ж тым, хто, сляпы як крот,
Паспрабуе заціснуць рукою сваёй
Землятруса адверсты рот.