Litvek - онлайн библиотека >> Автор неизвестен -- Древнерусская литература >> Древнерусская литература >> Слова аб палку Ігаравым, Ігара, сына Святаслаўлева унука Алегава >> страница 3
храбрыя князі, утаміліся ў барацьбе. Інгвар і Усевалад і ўсе тры Імсціслаўлічы — не благога гнязда птахі шасцікрылыя! Не жэрабем пабедным сабе ўладу прыдбалі! Што ж вашы шоламы залатыя і ляцкія шчыты? Загарадзіце полю вароты сваймі вострымі стрэламі за зямлю Рускую, за раны Ігаравы, буйнага Святаслаўліча!


IX


Ужо бо Сула не цячэ ручаямі срабрыстымі к гораду Пераяслаўлю, ужо Дзвша балотам цячэ к тым грозным палачанам, пад воклік паганых. Адзін толькі Ізяслаў, сын Васількавы, пазваніў сваймі вострымі мячамі аб шоламы літоўскія. Перабіў славу дзеду свайму Усяславу, а сам пад чырвонымі шчытамі на крывавай траве, пабіты літоўскімі мячамі, з

Хоціем лёг, а той кажа:

«Дружыну тваю, княжа, птахі крыллем апранулі, а звяры кроў палізалі!» Не было тут брата Брачыслава, ні другога Усевалада: адзін ён выпусціу жамчужную душу з храбрага цела цераз залатое ажарэлле.

Занылі песні, зачахла вясёласць, трубяць трубы гарадзенскія.

Яраслаўле і ўсе ўнукі Усяслаўлевы! Апусціце ўжо сцягі свае! Пахавайце мячы свае пашчарбаныя, бо ўжо збыліся дзедавай славы! Вы бо сваімі нязгодамі пачалі наводзіць паганых на Рускую зямлю, на надзел Усяслава, ад чаго і насілле пайшло ад зямлі Палавецкай.

У сёмы Траянавы век жэрабя кінуў Усяслаў аб дзяўчыне, мілай сабе. Падпёршыся клюкамі, ён на кані паімчаўся да горада Кіева і даткнуўся дзідай да кіеўскага залатога пасада. Ад іх скочыў зверам дзікім. Апоўначы з Белгарада ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак.

На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела.

Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі сыноў рускіх.

Усяслаў-князь людзям суд судзіў, гарадамі князёў надзяляў, а сам поначы воўкам гуляў. 3 Кіева да петухоў дасцігаў Тмутаракані; вялікаму Хорсу ваўком шлях перабягаў. Таму ў Полацку рана званы пазванілі к завутрані ў Сафіі святой, а ён у Кіеве звон чуе. Хоць і вешчая душа ў дзёрзкім целе была, але часта бяды нацярпеўся. Яму першаму вешчы Баян і прыпеўку злажыў дасціпную:

Ні хітраму, ні быстраму.
Ні шпаркаму птаху
Не мінуці Божага суда.
О! стагнаці Рускай зямлі, успомніўшы быўшу часіну і быўшых князёў!

Старога таго Уладзіміра немагчыма было прыкаваці да кіеўскіх гораў! Цяпер бо яго сцягі сталі — адны Рурыкавы, а другія — Давідавы, але хобаты іх паасобку калышуцца.


X


Пяюць дзіды на Дунаі. Яраслаўны голас чуецца. Беспрыпыннаю зязюляй раным-рана галосіць:

«Паляту, кажа так, па Дунаю зязюляй, абмачу рукаво бабровае ў Каяле-рацэ, абатру князю раны яго на магутным на целе яго».

Яраслаўна зрання плача ў Пуціўлі на сцяне, наракаючы:

«О вецер, вятрыска! Чаму ты насільна так вееш? Чаму імчыш ханскія стрэлы на лёганькім крыллі сваім ды на вояў мужа майго? Ці ж веяць мала табе ўгары пад аблокі, лялеючы ў моры сінім караблі? Чаму ты вясёласць маю па кавыллі развеяў?»

Яраслаўна зрання плача ў Пуціўлі-горадзе на сцяне, наракаючы:

«О Днепру Славуцічу! Горы каменныя ты перасек скрозь зямлі Палавецкае; чоўны лялеяў ты на сабе Святаслаўлевы к войску Кабякаву. Прылялей жа й мужа майго да мяне, каб рана я слёз не ссылала на мора к яму!»

Яраслаўна зрання плача ў Пуціўле на сцяне, наракаючы:

«О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло, і красу. Нашто ж нанясло ты свой промень гарачы на вояў тых мужа майго? На полі бязводным ім смагаю лукі звяло, а ўтулы тугой ім заткала!»


XI


Прыснула мора з поўначы, смерчы імгламі ідуць. Князю Ігару Бог знача дарогу з зямлі Палавецкай на Рускую зямлю, дзе бацькаў пасад яго жджэ.

Патухла вячэрняя зорка.

Ігар спіць, Ігар вока не зводзіць, Ігар думкаю мерае поле ад Дона вялікага к малому Данцу.

Апоўначы свіснуў Аўлур за ракою каню, разумеці загадвае князю.

А князя Ігара няма!

Клікнуў — дрыгнула зямля, зашумела трава, палавецкія вежы ўспужаліся.

А князь Ігар к трыснягу гарнастаем панёсся і гогалем белым паймчаўся к вадзе. На быстрага рынуў каня, саскочыў з яго босым воўкам, к логу Данца пакаціўся й паляцеў сокалам пад імгламі, забіваючы гусі і лебедзі к снеданню, полудню й вячэры.

Як Ігар паляцеў сокалам, тады воўкам Аўлур пакаціўся, абіваючы росы сабою сцюдзёныя: падарвалі бо коней сваіх быстраногіх.

І кажа рака Данец:

«Княжа Ігару! Не мала вялічча табе, Канчаку дакукі, а радасці Рускай зямлі!»

А князь Ігар кажа:

«О Доньча! Не мала вялічча табе, што лялеяў ты князя на хвалях і зялёную траву яму падсцілаў на сваіх берагах срэбраных, адзяваючы цёплымі ймгламі яго пад ценем зялёнага дзерава, і сцярог на вадзе яго гогалем, чайкамі на ручаях, чарнедзямі на ветрах. Не такая, кажа, рака Стугна. Маючы вузкі працёк, праглынуўшы чужыя ручаі й распасцёршы хвалі к утоку, князю Расціславу маладому берагам цёмным Дняпро зачыніла. Плачацца маці Расціслаўля па сваім маладым князю Расціслаўлю. Кветкі жальбою занылі, а дрэва з тугою к зямлі накланілася».

Не сарокі так застракаталі: гэта едзе Ігаравым следам Гза з Канчаком. I тады груганы не закрумкалі, галкі замоўклі, сарокі не стракаталі, па лозах паўзлі толькі. А дзятлы тукатам к рэчцы шлях паказваюць, салавейкі вясёлымі песнямі раніцу згадваюць.

I гаворыць Гза Канчаку:

«Калі сокал ляціць да гнязда, мы застрэлім саколіча стрэламі сваймі залатымі!»

А Канчак Гзе адказвае:

«Калі сокал ляціць да гнязда, мы сакольца апутаем краснаю дзевай!»

А Гза кажа Канчаку:

«Калі мы яго дзеваю краснай апутаем, мець не будзема мы ні саколіча, ані краснае дзевы, ды пачнуць нас тады біці птахі ў полі Палавецкім!»


XII


I сказаў Баян аб днях Святаслаўлевых, Баян-песнятворац далёкага часу, Яраслаўлева, Алегава:

«Княжа! Хоць і цяжка табе, галаве, без плячэй, але трудна табе, целу, без галавы!»

Так і Рускай зямлі без Ігара. Сонца свеціцца на небе, Ігар-князь — на Рускай зямлі.

Пяюць дзевы на Дунаі, галасы плывуць праз мора і да Кіева. Ігар едзе па Барычаву да святое багародзіцы Пірагошчай. Рады староны, весялы гарады.

Спяяўшы песню старым князям, а пасля маладым пяяці:

«Слава Ігару Святаслаўлічу, буй-туру Усеваладу, Уладзіміру Ігаравічу! Здароўя князям і дружыне, выступаючым за хрысціян на войска паганых! Слава князям і дружыне!» Амінь.


Заўвагі


...расцякаўся мысляй... — г. зн. вавёркай.

..харобраму Імсціславу, што зарэзаў Радзедзю... — маецца на ўвазе Мсціслаў