Litvek - онлайн библиотека >> Ларыса Антонаўна Геніюш >> Лирика >> Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія >> страница 4
Бога,
Ягонай праўды і святла!”
Ларыса Геніюш умела “серед лиха співати пісні”, як выславілася ў вершы “Contra spem spero!” Леся Украінка. Дарэчы, з яе сястрой беларуская паэтка пасябравала ў Празе – некалькі гадоў жылі ў адным доме. Пані Аксана Косач нават перадрукоўвала на сваёй машынцы тастамент Васіля Захаркі, паводле якога яе суседка пераставала быць толькі паэткай і рабілася палітычным дзеячом, хай сабе і ў сімвалічным урадзе.

Напачатку юбілейнага 2010-га – Года Ларысы Геніюш – мы сядзелі і размаўлялі з яе унукам Міхасём у занесенай снегам вёсачцы пад Беластокам. У печцы патрэсквалі дровы, са сцяны на нас глядзела маладая, у модным капялюшыку, бабуля, а перада мною на стале ляжаў зборнік “На чабары настоена” з яе апошнім аўтографам: “Адыходзячы пакідаю, Міхасёк, Табе маю любоў і благаслаўленне. Ларыса Геніюш. Гродна, больніца. 22.3.83 г.”.

Я спытаўся ў свайго цёзкі – які галоўны жыццёвы ўрок атрымаў ён ад свае бабулі? (Мы запісвалі перадачу для радыё “Свабода”, і мне хацелася пачуць нейкі арыгінальны адказ.) Але ў адказе прагучалі два звычайныя словы: бабуля наказвала ўнуку – трымайся праўды!

Праўдзе не патрэбныя пстрычкі парадоксаў.

Праўду не закапаеш і не сашлеш у Гулаг.

Ларыса Геніюш перамагла – праўдай.


Міхась Скобла.

Ад родных ніў (1942)

* * *

Уздымам сэрц нашых шуміць Белавежа,
як дні нашых сёлаў, так Нёман плыве...
Уроду палеткаў тнуць поясам межы,
адвечныя сосны гудуць ў бараве.
Там нашыя песні, там наша багацце,
там жытняе мора, магілы дзядоў
і родныя хаты, і людзі, як брацці,
і казкі, і слава мінулых часоў.
Крывіч там стагоддзі загон свой старожа,
а звычаі, мова жывуць з году ў год...
Там Край, быццам казка старая, прыгожы,
удалы і верны Краіне народ.
Нічога, што позна у свет мы выходзім,
нічога, што ўчора пакінулі плуг,—
нам крыўду стагоддзяў ліхіх нагародзіць
гарачым уздымам акрылены дух.
Калі для нас волі жаданай світанне
цудоўнаю блісне над краем зарой,—
ад Угры па Буг мы спаткаць яго ўстанем
ўсёй дружнай, вялікай, Крывіцкай Сям’ёй.
1941


Там толькі

Там толькі хочацца, хочацца жыць,
дзе родныя, сумныя далі,
дзе поле узорнай раўнінай ляжыць,
калышацца жытняю хваляй.
Дзе Нёман дастойны шырока плыве,
дзе пушчы шумяць аб мінулым,
а ў замках, курганах легенда жыве
і песня дзядоў не заснула.
Дзе нашы дзяўчаты — юргіні ў саду,
расцвіўшыя кветкі у маі,
із песнямі лён залацісты прадуць,
узорамі бель патыкаюць.
Дзе цягнуцца вежы святынь угару,
крыжамі ўпіраюцца ў неба,
а моцныя рукі папары аруць,
каб нівы пакрыліся хлебам.

Краю мой

Краю мой родны, краю мой мілы,
цудны, узорны, ад ніў залаты,
хто цябе ўквеціў пушыстай калінай,
краскамі, лесам засеяў густым?
Пушчы, палеткі, лугі, сенажаці,
быстрыя рэкі, прасторы азёр, —
нехта рассыпаў вялікім багаццем
вечныя скарбы ў цудоўны узор.
Калі табе золатам сонца разлітым
магутныя грудзі асыпле кругом,
а неба атуліць туманам-блакітам,
быццам анёлак празорым крылом,
і вецер бяроз тваіх косы даўгія
расчэша, рассыпле па белых камлёх,
а грушы-красуні страсе снегавыя,
цвет белы пасее на зелень палёў,
а буйныя травы нагне, то падыме,
зазвоніць аб лісце задуманых дрэў,
акордамі ўдарыць, як май, маладымі,
пад Нёмна вясною бурлівы напеў, —
дык радасцю, шчасцем душа замірае
і хочацца сэрцам, рукамі абняць,
свой край наймілейшы, аквечаны маем,
дзе краскі, дзе Нёмана хвалі звіняць.
Дзе птушка у неба высокім палётам
вабіць да сонца ў блакіты з сабой,
ўзыходзіць, мацнее з сялянскага поту
зярнё, вырастае ў калоссе вясной.
Краю мой родны, краю мой мілы,
калыска дум ранніх, вясёлкавых дзён,
краю дзядоўскіх курганных магілаў, —
ты сэрцу так мілы, як міла жыццё.
Сніцца ты будзеш і клікаць з чужыны,
да сёлаў сваіх і да хаты старой,
пахучых палеткаў буйной канюшыны
і песняў дзявоччых, спавітых тугой.
Чало плуг жыцця, можа, ў боразны зрэжа,
Мо, голаву іней пакрые гадоў, —
у сэрцы ж не звянуць зялёныя межы,
туга не аслабне да родных кутоў.
1941


Мой родны кут

Мой родны кут,
мой ціхі дом,
дзе ў голле дрэў,
аб сцены ніў,
пад сумны спеў
буйным крылом
паўночны вецер звонка біў.
Мой родны кут, —
на твой спамін
бушуе кроў,
а ў сэрцы гар,
а ў сэрцы боль,
бо з ніў, з далін
урок мяне туманны чар.
I ў ясны дзень,
і ў ноч без зор
душа, як птах,
пад гоман дум
ляціць на шлях,
дзе песняй бор
калыша долі нашай сум.
Мой родны кут,
квяцісты луг, —
пад шумы вольх
прыйдзе ўначы,
як ціхі ўздох,
мой верны дух
на вечны сон
к табе спачыць.
Пад ветру шум,
Пад буры кроз,
пад гоман хат,
хто сэрцам жыў,
ў вясняны чад
хто ў полі рос,
той не пакіне
родных ніў.

Мінулыя дні


Адцвілі белай яблыні цветам,
як начлежныя згаслі агні,
адзвінелі, як колас той летам,
залатыя над Нёманам дні.
Калі з прасніцы ніткай льняною
жыццё доля снавала ясней,
а пад зорнаю неба красою
мучыў сэрца ўначы салавей.
Або казкамі вечар цудоўны
маніў зорамі душу вясной
ці дзявочае сэрца напоўніў
аж па