Litvek - онлайн библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Приключения >> Афганская шкатулка >> страница 3
Бацька зарэчанскага варатара Цімоха — Ціма, ляснік па прафесіі, блукаючы па сваіх лясных справах, натыкнуўся на стары закінуты кар'ер, кіламетры за чатыры ад вёскі, і сказаў сыну, што там ёсць вада, а значыцца, і лёд. Пра кар'ер ведалі ўсе. Толькі ён заўсёды быў сухі. А гэтым годам, відаць, восеньскімі дажджамі намыла яму на дно гліны і вада затрымалася. Глыбіня была невялікая, але так нават лепш: значыць, нават у слабы мароз схопіцца лёд, дастатковы, каб трымаць людзей. А калі і правалішся — «шухнеш», як у іх казалі, — не бяда, вады менш чым па калена. Затое шырыня, прастор, раздолле!

Грэх было губляць час. У той жа дзень, як пачулі, зляцеліся пасля ўрокаў на кар'ер. Такія адзін з адным ветлівыя, такія на дзіва дружныя — і зарэчанцы, і сяльчане. Размецілі пляц, расчысцілі ад снегу. Збілі з дошак «борцікі», увагналі ў лёд калы — вароты, абцягнулі іх нават старымі, ўдвая складзенымі валейбольнымі сеткамі. Словам, усё падрыхтавалі для заўтрашняй гульні.

І назаўтра зноў ажыў кар'ер. Глухі, сіратлівы да гэтага лес напоўніўся вясёлым галёканнем. Гарэлі здаровай чырванню маладыя шчокі. Шоргалі аб лёд канькі. Стукалася аб клюшкі і аб борцікі шайба. Музыка зімы, візітная картка зімы — гэты пошчак! І падабрэлі, пахарашэлі суровыя дасюль хвоі, яшчэ цясней стоўпіліся па краях кар'ера, як якія спартыўныя заўзятары; вось толькі не зразумець было, каторая за якую каманду перажывае.

А роўная йшла гульня! Гол у гол. Чатырнаццаць — чатырнаццаць. Не прапалі дарам трэніроўкі хлопцаў-малойцаў. Тым часам яшчэ ніжэй апусцілася сонца за лес. Лёд перастаў зіхацець. Хутка зусім сцямнее.

— Стоп! — скамандаваў капітан зарэчанцаў Віцька Швед. Швед была не мянушка, а сапраўднае прозвішча.

Спынілася гульня. З'ехаліся ў цэнтр абедзве каманды, пачалі раіцца, як быць далей. Разысціся на нічыёй, ці ўсё ж дагульваць?

— Дагульваць, канечне!

— Овер-тайм!

— Да першай шайбы!

Калі ласка. Так і вырашылі: аб'явіць овер-тайм, што значыць — дадатковы перыяд. Хто першы заб'е, той і выйграў. Інакш, па-іхняму, па-мясцоваму гэта яшчэ называецца — «чый апошні (гол), таго і ўсе!».

Падчас кароткага адпачынку перамяшаліся свае з чужымі. Хто смактаў кавалачкі лёду, хто проста прысеў на борцік, аддыхваючыся; старэйшыя хлопцы пакурвалі, пускаючы «бычок» па крузе. Нізенькі, круглы, тоўсты ад амуніцыі варатар зарэчанцаў Цім, той самы, дзякуючы бацьку-лесніку якога і стаўся магчымым гэты паядынак, сцягнуў з твару самаробную маску і размінаўся ў варотах, пастукваў шырокай клюшкай сабе па шчытках, зробленых з двух кавалкаў таўсценнага паралону. Шчыткі даставалі яму аж да пояса. Чалавек колькі з каманды сяльчанаў абступілі Цімавага сябра, Валіка. І там размова таксама вялася пра шчыткі, толькі не варатарскія, а «гульцовыя», для тых, хто ў полі. Сяльчане нагіналіся і, прыцмокваючы, з зайздрасцю разглядалі Валікавы шчыткі. І сапраўды, на выгляд былі яны дужа зграбныя і, відаць, зручныя.

— …Бярэш старыя валёнкі, — з паблажлівай цярплівасцю тлумачыў нядаўнім ворагам форвард, — адразаеш ніз, усярэдзіну ўстаўляеш сухія палачкі, нарэзаны са старога арэшнікавага вудзільна, а яшчэ лепш з бамбукавага. Прышываеш ззаду матузкі — усё. Работы на паўгадзіны, а хапае на ўсю зіму. І лёгка, і ніякая шайба не праб'е!

У гэтым хлопцы-сяльчане і самі ўжо змаглі пераканацца.

— Усё, паехалі!

— Канчай перакур!

Разыгралі капітаны, каму якія вароты. Зноў раздзяліліся каманды на сваіх і чужых, раз'ехаліся на свае палавіны.

Капітан зарэчанцаў дужа любіў, каб усё было «як па тэлевізары». І цяпер паклікаў сваіх са змоўніцкім выглядам:

— Сюды давайце…

Наказы яго заўсёды былі самыя банальныя, адна агульшчына. Напрыклад: «Лягаем касцямі!», альбо «Гасіць іх, хлопцы, колькі зможам!». Хоць смейся, хоць злуйся, хоць усур'ёз успрымай. Аднак з'ехаліся, сталі вакол Цімы-варатара, галовы панахілялі — каб не дай Бог хтосьці з чужакоў не ўчуў такога важнага сакрэту.

— Чуць што — на пасы, — азіраючыся, прашаптаў Віцька.

Вось гэта сказануў! І так заўсёды. Нібы без яго не ведалі, што трэба на пасы, нібы толькі ў крайніх выпадках так гуляюць!

Укідванне ў цэнтры. Сяльчане выйгралі, адпасавалі да сваіх варот. І раптам шустры іх абаронца, забыўшы асцярогу, падхапіў шайбу і сам панесся наперад.

— Прапусціць! Не чапаць! — пранеслася сярод зарэчанцаў. Усё правільна. Хай ляцяць у чужую зону, хай агаляюць тылы.

Віцька Швед справа, Валік злева застылі на цэнтральнай лініі. Валік быў як напятая струна, як бягун на старце, гатовы ў любы момант сарвацца з месца. Ён толькі нецярпяліва пастукваў клюшкай аб лёд.

Хітрасць зарэчанцаў апраўдалася. Шустраму абаронцу далі прайсці амаль да самых варот.

Падманеныя яго ўдачай, заслізгалі яму на падмогу яшчэ двое. Дарма трывожна крычаў ззаду адзінокі варатар: «Чаго вы ўсе туды?!» Каля варот абаронцу акуратна прыціснулі з двух бакоў, узяўшы ў «кораб», — так, што ён не мог зварухнуць ні рукой, ні нагой. Шайба марудна падкацілася да Цімы. Той з размаху шчоўкнуў па ёй — ды не абы адбіць, а прыцэльна, проста Валіку на клюшку. Форвард ірвануў з месца ракетай. Як поршні, замільгалі яго цыбатыя ногі. Паніка сярод сяльчанаў!

Абвесці нізкарослага абаронцу бамбізу-Валіку было раз плюнуць. Каронны фінт — клюшка з правай рукі перакідваецца ў левую, абаронца ззаду, а Валік адзін перад варотамі.

— Ну! Забівай!

Варатар, зразаючы вугал, адступаў і адначасова азіраўся, каб не «згубіць» варот. Левы верхні куток і правы ніжні былі зусім адкрытыя.

Доўга такое пасля ўспамінаецца. І крыўдна тады, і прыкра, і так ясна бачыш сваю памылку! І толькі аднаго прагнеш — вярнуць той міг! Ну, як-небудзь! І тады ўсё адбылося б інакш!..

Кідок. Варатар марудна заваліўся на спіну. Шайба мёртва была заціснута ў яго між каленяў. Ніякая сіла не выб'е, не выкалупае цяпер яе з-пад яго.

Засвісталі, загалёкалі ад радасці сяльчане. Пад'язджалі, ляпалі па плячы мужнаму свайму брамніку, стукалі клюшкамі аб шчыткі. Пануры Валік, сплёўваючы на лёд, каціўся да сваіх. Віцька Швед зняў пальчатку і паказаў яму кулак:

— Мазіла!

Адзін Цім, верны сябар, не стаў сыпаць соль на раны, а яшчэ і падбадзёрыў:

— Усё нармалёва, малайчына! Цудоўны выхад! Разыгралі ў зоне сяльчанаў — і ўсё адзін да аднаго паўтарылася. Той самы абаронца, якога спярша і ўсур'ёз не ўспрынялі, ізноў распачаў да чужых варот паход. Толькі цяпер стала даходзіць, што не выхвальства гэта з яго боку, не самадзейнасць, а тактычныя хітрыкі. Так было задумана, так спланавана.

І апраўдала сябе! Не падрыхтаванымі аказаліся зарэчанцы. Прамаргалі на гэты раз, не паспелі заціснуць — выпусцілі. Абаронца, акурат