Litvek - онлайн библиотека >> Леанід Дайнека >> Исторические приключения >> Меч князя Вячкі >> страница 4
быў муралём — з шэрага цвёрдага каменя-плітняка, які здабывалі ў ваколіцах горада, будаваў разам са сваім бацькам і дзедам царкву. Але рабіць не хацелася. Цяжкі камень адрываў рукі, а маладое здаровае цела прагла любошчаў-уцех. Ён уцёк са скамарохамі, вадзіў мядзведзя, іграў на гудку, мілаваўся з бессаромнымі маладзіцамі, піў мёд, а потым разам з сябрукамі забіў багатага латгала з-за грыўняў.

Галаўнік5, пракляты сваёй сям'ёй і горадам, стаяў ён каля забаролаў Кукейноса і слухаў, як перагукваюцца воі, як звіняць іхнія мячы. Ён даўно не чуў родную гаворку. Гэта была адзіная радасць, што засталася ў яго, — стаяць каля гарадскога вала, у цемры, і слухаць знаёмыя з дзяцінства словы.

— Полацк! Менск! Друцеск! — даносілася зверху.

А яму здавалася — гэта плача ягоная маці, распусціла сівыя ад гора валасы, пасыпала іх пяском-жарсцвяком і кліча: «Браціла! Браціла!»

Тэўтон лёгенька таўхануў яго пад бок, падаў нешта круглае, невялікае.

— Пі,— сказаў тэўтон.

Гэта была бронзавая карчажка, выкаваная ў форме гусінага яйка. Браціла ўзяў карчажку.

— Пі,— зноў сказаў тэўтон. — Мы вып'ем гэты святы эліксір і зробімся празрыстымі, як начны туман. І нас не заўважыць варта на гарадскім вале. Пі.

Браціла недаверліва трымаў у руках карчажку. На ёй былі выкаваны кветкі, зоры, птушкі. Яна была цёплая.

— Мы зробімся як туман. Мы праплывем над валам. Гэты эліксір даў мне абат цыстэрцыянскага манастыра ў Рызе Тэадорых, брат епіскапа Альберта, — страсна блішчэлі ў змроку вочы тэўтона.

Браціла асцярожна паднёс карчажку да вуснаў. Падумалася са спалохам: ці не атруту дае тэўтон? Яны, божыя баяры з Рыгі, усё могуць зрабіць з чалавекам, які асмеліцца пайсці супраць іхняй волі. Тэўтонскі бог мацнейшы за царгародскага, за рускага бога. Рыга, што зусім нядаўна села ў вусці Дзвіны, мацнейшая за стольны Полацк, які стаіць з сівой пракаветчыны, з часоў святога Рагвалода. Рыжскі епіскап Альберт мацнейшы і хітрэйшы за вялікага князя полацкага Уладзіміра. Куды ж Вячку, гэтаму маладому князю-жарэбчыку, які запёрся ў Кукейносе з полацкай дружынай і латгальскімі старэйшынамі, узнімаць дзясніцу на тэўтонаў? Зловяць яго, як зайца ў цянёты, і зарэжуць.

Браціла маленькім глыточкам пракаўтнуў халодную кіславата-горкую вадкасць з карчажкі. Стаяў і не ведаў: смерць або святую божую сілу ўпусціў у скляпенні цела свайго?

Востра свіснула крыллямі начная, нябачная воку птушка, паляцела над хвалістай узбунтаванай ветрам Дзвіной. Яму раптам захацелася зрабіцца гэтай птушкай, шчаслівай птушкай, якой не трэба лезці на страшныя забаролы княжацкага замка, дзе чакаюць коп'і і мячы.

Нечакана пачаўся дождж, густы, гаманлівы.

— Добра, што пайшоў дождж, — ціха сказаў Браціла тэўтону. Той разумеў мову полацкіх крывічоў і ў знак згоды кіўнуў галавой.

Дождж патушыў паходні, якія варта паліла на забаролах. Магільны змрок абрынуўся на зямлю. Браціла не бачыў тэўтона, які стаяў, дыхаў усяго за два ці тры локці ад яго. «Пітво з карчажкі зрабіла нас нябачнымі», — падумаў Браціла. Гэта яго ўзрадавала. Ён ушчыкнуў сам сябе за руку, каб адчуць сваю плоць, каб пераканацца, што яна не знікла.

— Не падавіўшы пчол, мёду не есці,— рашуча выдыхнуў з цемры тэўтон. — Пайшлі, Браціла. Ісус і дзева Марыя абароняць нас.

Браціла пайшоў першы, тэўтон за ім. Яны прыгнуліся, амаль на карачках ішлі-паўзлі па мокрай слізкай зямлі. Гэту зямлю Браціла добра ведаў, і яна ведала, помніла яго. Ягоны бацька нарадзіўся тут, у Кукейносе. Маці ягоная была з мясцовых латгалак. Хлапчуком разам з сябрамі ён выганяў за гарадскі вал у зялёныя лугі коней і кароў. У спякоту купаўся ў Дзвіне і пачуваў сябе ў імклівай празрыстай вадзе як рыба. Ён ведаў, што дзяды дзядоў называлі раку Дзвіну Рубонам, і яшчэ й цяпер ярасны баявы кліч палачан «Рубон!» палохае і тэўтонаў, і літоўцаў, і літоўскіх саюзнікаў селаў. Ён, як вуж, поўз па гэтай зямлі, ён уплішчваўся ўсім целам у яе, каб пад покрывам ночы прабрацца ў Кукейнос і забіць князя Вячку.

Па горла ў вадзе перайшлі роў. Шумеў дождж. Вецер дзьмуў з ракі, удараўся аб земляны гарадскі вал, аб дубовыя забаролы, адскокваў і заплёўваў вочы дажджом.

Тэўтон як прыліп да Брацілы — шнураваў ззаду крок у крок. «Ідзе Вячкава смерць», — думаў Браціла.

Выйшлі якраз у тое месца гарадскога вала, куды і меркаваў трапіць Браціла. Тут каркас з сасновых бярвенняў, які мацаваўся ў тоўшчы вала, крыху асеў, асунуўся. Напэўна, падтачылі падземныя ручаі.

Браціла спыніўся, і за яго спінаю адразу ж спыніўся тэўтон. Бясконца шумеў дождж. Плакала чорнае неба.

Браціла перахрысціўся, шырокай даланёю старанна выцер мокры твар. Потым са свайго скуранога пояса адчапіў прасмоленую пяньковую вяроўку, да якой была прывязана стальная трохрогая «кошка». Размахнуўшыся, ён кінуў гэту «кошку» ўверх, у цемру, і яна, глуха стукнуўшыся аб дубовы забарол, упілася, учапілася ў дрэва. Ён лёгенька тузануў на сябе вяроўку, потым тузануў мацней, правяраў, ці надзейна трымаецца вяроўка. Нейкае імгненне пастаяў у нерашучасці, потым папляваў на рукі і, спрытна і хутка ўпіраючыся нагамі ў слізкі частакол, рыўкамі падцягваючы ўгору буйное цела, палез на забарол. Гэта была звычайная для яго справа — начны таць, ён не раз пералазіў так цераз самыя высокія сцены.

Забарол у гэтым месцы быў вышынёй каля чатырох махавых сажняў. Браціла, калі яшчэ разам з бацькам рабіў муралём, ведаў і малую пядзь, і вялікую пядзь, і махавы сажань, і касы сажань. Дарослы мужчына раскідваў, разводзіў у бакі рукі, і адлегласць паміж кончыкамі пальцаў левай і правай рукі была махавым сажнем.

Ды яму ўжо не быць муралём. Ніколі не быць. Хто пакаштаваў крывавага мяса, не захоча есці параную рэпу. Ярыжка-валацуга не будзе ў полацкай Сафіі адбіваць паклоны ўсявышняму.

Апынуўшыся на самым версе кукейноскага вала, Браціла замёр, затаіў дыханне. Перад ім у глухой апраметнай цемры спаў Кукейнос. Ніводнага агеньчыка, ніводнай іскрынкі не бачыла вока. Шчыльнымі цёмнымі купамі стаялі сядзібы купцоў і рамеснікаў. Вакольнага горада, як у Полацку ці ў Герцыке, тут не было: два гады назад спалілі літоўцы. Маленькі ваяўнічы Кукейнос усіх сваіх жыхароў сабраў у адну жменю, у адзін кулак — пасяліў на дзядзінцы. Дубовы церам князя Вячкі ўзвышаўся побач з праваслаўнай царквою.

«Спі, Вячка, — з помслівай радасцю падумаў Браціла. — Сёння ноччу ты заснеш навекі».

У гэтым горадзе ён ведаў усе хады-выхады. Завяжы яму вочы, выкалі вочы, ён усё роўна пройдзе, як па нітцы, па вузкіх, замошчаных сасновымі і дубовымі плахамі вулках, не саб'ецца, не заблудзіць. І княжыя харомы ён ведае, вывучыў як свае пяць пальцаў.

Рэзка і
Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Сезон дождей на Семирамиде [Влада Ольховская] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Ассертивность [Патрик Кинг] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Карта культурных различий [Эрин Мейер] - читаем полностью в Litvek