Litvek: лучшие книги недели
Топ книга - Тысяча сияющих солнц [Халед Хоссейни] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Измеряйте самое важное. Как Google, Intel и другие компании добиваются роста с помощью OKR [Джон Дорр] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Тонкое искусство пофигизма [Марк Мэнсон] - читаем полностью в Litvek
Litvek - онлайн библиотека >> Ги де Мопассан >> Проза >> Аздоба >> страница 3
кашулi, церла мылам анучы i пасля развешвала ўсё гэта сушыцца на дроце; кожную ранiцу яна выносiла на двор смецце i цягнула наверх ваду, спыняючыся перадыхнуць на кожным паверсе. I адзетая, як звычайная, простая кабета, з кашом у руцэ, яна хадзiла купiць чаго-небудзь спажыўнага, садавiны цi хлеба, i заўсёды спрачалася з крамнiкамi, сварылася, баранiла кожнае су з сваiх мiзэрных грошай.

Кожны месяц трэба было плацiць па вэксалях i, каб выйграць час, падпiсваць новыя.

Муж не шкадаваў сябе, увечары ён перапiсваў начыста рахункi гандлярам, а ўночы часам рабiў копii з рукапiсаў па пяць су за старонку.

I гэтак яны жылi дзесяць гадоў.

Праз дзесяць гадоў усё было выплачана - усё, разам з незлiчонымi лiхвярскiмi надбаўкамi i шматлiкiмi складанымi працэнтамi.

Панi Люазэль вельмi пастарэла. Яна стала цяпер нязграбная, i дужая, i грубая, як усе гаспадынi ў згалелых сем'ях. Яна хадзiла заўжды непрычасаная, у збiтай набок спаднiцы, з чырвонымi рукамi, размаўляла голасна i мыла падлогу, плёскаючы ваду проста з вядра. Але часам, калi муж быў на службе, яна сядала каля акна i прыгадвала той колiшнi вечар, той баль, на якiм яна мела такi поспех, на якiм яна была такая прыгожая i чароўная.

Што было б, калi б яна не згубiла гэтай аздобы? Хто ведае? Хто ведае? Жыццё такое капрызнае i такое зменлiвае! Як мала трэба, каб знайсцi адразу ўсё цi ўсё адразу згубiць!

Неяк у нядзелю, калi панi Люазэль пайшла прагуляцца па Елiсейскiх Палях, каб крыху адпачыць ад тыднёвай стомы, яна заўважыла жанчыну, якая вяла за руку дзiця. Гэта была панi Фарэсцье, па-ранейшаму маладая, па-ранейшаму прыгожая i прывабная.

Нечаканая сустрэча ўсхвалявала панi Люазэль. Падысцi да яе, загаварыць? Ну але, вядома! Цяпер, калi яна ўжо расплацiлася з даўгамi, ёй можна расказаць усё.

I яна падышла.

- Дзень добры, Жана.

Але панi Фарэсцье не пазнала яе, яна была здзiўленая, што нейкая простая мяшчанка звяртаецца да яе, як да блiзкай сяброўкi, i прамармытала:

- Але... панi!.. Не ведаю... Вы, мусiць, памылiлiся.

- Не. Я Мацiльда Люазэль.

Яе прыяцелька аж ускрыкнула:

- Ах!.. Бедная Мацiльда, як ты змянiлася!..

- Мне давялося перажыць нялёгкiя днi з таго часу, як мы з табой бачылiся апошнi раз. Я зведала, што такое нястача... i ўсё праз цябе!..

- Праз мяне?.. Але якiм чынам?

- Ты памятаеш тыя дыяментавыя каралi, што ты мне пазычыла, каб схадзiць на вечар у мiнiстэрства?

- Памятаю. Дык што?

- Дык вось, я iх тады згубiла.

- Як! Ты ж мне iх аддала.

- Аддала, але другiя, такiя самыя. I нам пасля давялося за iх плацiць дзесяць гадоў. Сама разумееш, нам прыйшлося даволi цяжка, у нас нiчога не было... Але цяпер усё нарэшце скончана, i я шалёна гэтаму рада.

- Дык ты кажаш, што замест маiх вы купiлi другiя дыяментавыя каралi?

- Ага. А ты гэтак нiчога i не заўважыла, га? Яны былi вельмi падобныя.

I яна ганарлiва i прастадушна ўсмiхнулася, поўная радасцi.

Панi Фарэсцье ўзрушана ўзяла яе за рукi.

- Ах! Мая бедная Мацiльда! Але ж мае каралi былi фальшывыя. Яны каштавалi самае большае пяцьсот франкаў!..

Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Когда сядет солнце [Татьяна Морец] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Ананас на ёлке [Дарья Аркадьевна Донцова] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Смертник из рода Валевских. Книга 7 [Василий Михайлович Маханенко] - читаем полностью в Litvek